Вы тут

Белнафтахім: "Прапампоўка чыстай нафты па "Дружбе" не пачалася"

pixabay.com

Канцэрн "Бенафтахім" заяўляе, што сітуацыя з пастаўкай няякаснай нафты з Расіі ў Беларусь па трубаправодзе "Дружба" не змянілася. 

29 красавіка дэлегацыя канцэрна на чале з намеснікам старшыні Уладзімірам Сізовым знаходзіцца ў Маскве. Там у Міністэрстве энергетыкі Расіі працягваюцца перамовы з удзелам расійскіх нафтавых кампаній.

"Спецыялістамі арганізацый па нафтаправодным транспарце — ААТ "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта Дружба" — прынятыя ўсе тэхнічныя меры для хутчэйшага атрымання чыстай нафты з расійскага пункта водпуску Унеча. У цяперашні час у трубаправодзе на беларускай тэрыторыі па-ранейшаму знаходзіцца нафта з перавышэннем нарматыву ўтрымання хлорарганікі. Прапампоўка чыстай нафты па "Дружбе" не пачалася", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве беларускага канцэрна.

Нафтаперапрацоўчыя заводы, як і раней, працуюць на зніжанай загрузцы.

Як паведамлялася, каля 10 дзён таму беларускія НПЗ заявілі, што з Расіі пастаўляецца нафта з высокім утрыманнем хлору. У выніку такіх паставак сапсавалася дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Першапачаткова беларускі бок ацэньваў страты ў 100 мільёнаў долараў. Ад паставак няякаснай расійскай нафты адмовіліся Польшча, Германія, Украіна ды інш.

Расійскі канцэрн "Транснафта" ў пятніцу, 26 красавіка, паведаміў, што ў нафту былі ўкінутыя хлорарганічныя злучэнні. У Расіі пачалі крымінальную справу за наўмыснае забруджванне нафты.