Беларусы зноў выбачаюцца перад міліцыяй — МУС пра "Telegram-пагрозы"

Беларусы зноў выбачаюцца перад міліцыяй — МУС пра "Telegram-пагрозы"

13 ліпеня адбыўся стрым першага намесніка міністра ўнутраных спраў, палкоўніка міліцыі Генадзя Казакевіча. Ён прысвечаны "Telegram-пагрозам" і спробам "дэстабілізацыі ў грамадстве". Прадстаўнік МУС заявіў пра "нябачны інфармацыйны ціск", які назіраецца ў нашай краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Па словах Казакевіча, з дапамогай "паліттэхналогій" робяцца спробы "расхістаць сітуацыю ў краіне".

Галоўная ўвага ў стрыме была аддадзена абразам, якія атрымалі міліцыянеры і члены іх сем'яў пасля затрымання ў Гродне блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых людзей. Былі паказаны некалькі чалавек, якія пісалі ў сацсетках згаданыя абразлівыя каментары, а цяпер выбачаліся. Іншая справа — тэлеграм-канал "Армія з народам", у якім нібыта заклікалі супрацьдзейнічаць беларускім сілавікам. Былі паказаныя некаторыя яго адміністратары: яны ў асноўным казалі, што выдалялі з канала падобныя заклікі.

Па фактах праводзіцца даследчая праверка, паведаміў прадстаўнік МУС.

Генадзь Казакевіч папярэдзіў "канапных троляў і віртуальных байцоў": пагроз, асабліва ананімных, не пацерпім, знойдзем і прыцягнем да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці.

TUT.by задаў пытанне Казакевічу пра нядаўняе затрыманне чэмпіёна па бодзібілдынгу Шоты Лабжанідзэ. За "абразу ў сацсетках" яго ў выніку аштрафавалі. Але чаму Лабжанідзэ па адміністрацыйнай справе затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа МУС, у кайданках завезлі ў свой будынак? Няўжо цяпер такое чакае ўсіх, хто піша ў сацсетках у асабістае?

Генадзь Казакевіч прапанаваў адысці "ад прававой ацэнкі гэтай сітуацыі". "Хіба дастойна грузінскага мужчыны пісаць такое жанчыне, члену БРСМ? Напэўна, не", — сказаў прадстаўнік МУС.

У стрыме было паказана кароткае відэа з затрыманым, якое здымалі ў міліцыі. Шота Лабжанідзэ пытаецца ў кагосьці за кадрам: "Гэта цэнзурнае слова або не?". А пасля кажа: "Я напісаў у асабістыя паведамленні тое, пра што думаў, і ўжо прынёс прабачэнне ў пратаколе".

Дзіўным з'яўляецца каментар Казакевіча: "спартсмен здаровы і даволі адкормлены".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі