Беларусы запісалі праваабаронцаў у “пятую калону”

У Вільні прэзентавалі новае сацыялагічнае даследаванне, зробленае кампаніяй "Satio" і прысвечанае беларускім праваабаронцам. Згодна з ім, толькі 37,7% беларусаў ведаюць, у якія праваабарончыя арганізацыі трэба звяртацца, калі парушаюцца правы чалавека. Дзве траціны ад апытаных ніколі не звярталіся да праваабаронцаў, бо не было неабходнасці. Людзі адзначалі, што праваабаронцы — гэта частка апазіцыі і іх цікавяць толькі палітзняволеныя. Кажа старшыня “Беларускага Хельсінкскага камітэта” Алег Гулак:

"Далёка не большая частка працы БХК — палітзняволеныя і апазіцыйныя актывісты. Наадварот, большая частка звязаная з праблемамі звычайных людзей. Але так склаўся медыярынак, што журналісты пішуць пра яркія палітычныя праблемы, яны больш на вачах. Таму ў людзей такое ўражанне, што гэта і ёсць наша асноўная праца".

Самыя ж каштоўныя правы чалавека для апытаных беларусаў — гэта права на жыццё, бясплатную адукацыю і недатыкальнасць жылля. А вось свабода слова, права абіраць і кантраляваць уладу, свабода веравызнання стаяць у самым канцы спіса...

Як грамадства ў розных краінах ацэньвае сітуацыю з правамі чалавека? "Вось тут я трошкі здзіўлены", — працягвае Алег Гулак. Беларусы лічаць сваю краіну ледзь не прыкладам для іншых.

Каля 42% кажуць, што правы чалавека ў Беларусі не парушаюцца. Наконт Заходняй Еўропы такога меркавання прытрымліваюцца толькі 39%; 36% лічаць, што правы чалавека не парушаюцца ў ЗША; і толькі 24% мяркуе, што правы чалавека не парушаюцца ў Расіі.

Алег Гулак: "Гэта шмат у чым вынік прапаганды і сітуацыі, у якой знаходзяцца праваабаронцы — калі цяжка весці сваю дзейнасць, немагчыма данесці да грамадства рэальную інфармацыю. Прычына і ў тым, што механізмы абароны правоў чалавека надта не эфектыўныя. Рэальных механізмаў не так шмат. І абарона правоў часам працэс, а не сапраўдны вынік".

Пры гэтым 60% апытаных лічаць, што чалавек асабліва безабаронны ў канфліктах з дзяржавай. Яшчэ больш, каля 80%, мяркуюць, што правы чалавека парушаюцца менш там, дзе самі людзі гатовыя іх абараняць. Ёсць і такія, хто лічыць, што інтарэсы дзяржавы павінны быць вышэйшыя за правы грамадзян, такіх каля 7%. 80% лічаць, што правы дзяржавы і людзей часта не супадаюць.

Расійскі праваабаронца Юрый Джыбладзэ крытычна ставіцца да сацыялагічных звестак у аўтарытарных рэжымах. Але ўяўленне аб працы праваабаронцаў грамадзяне бяруць з крыніцаў дзяржаўнай прапаганды, таму вынікі беларускага апытання не здзіўляюць і яго.

Юрый Джыбладзэ: "Па сутнасці, праваабарончыя арганізацыі і з'яўляюцца грамадзянскай апазіцыяй. Іншая справа, што ўлады знарок з мэтай прапаганды апісваюць іх як палітычную апазіцыю, якую яны паспяхова маргіналізавалі і дэмаралізавалі з дапамогай рэпрэсій 11-12 гадоў. Але не трэба баяцца размовы, што такое грамадзянская палітыка. Адрозніваецца яна тым, што праваабаронцы і іншыя грамадскія дзеячы не займаюцца барацьбой за ўладу".

Апошнім часам праваабаронцы не маюць стратэгіі. Бо большасць сілаў губляецца на барацьбу з рэпрэсіямі, лічыць Юрый Джыбладзэ.

Юрый Джыбладзэ: "Калі супраць грамадзянскай супольнасці фактычна разгарнуліся рэпрэсіі, то сілы і час сыходзяць на абарону ад гэтых рэпрэсій. І гэта не дае падняцца над сітуацыяй і ставіць стратэгічныя мэты. Нашмат цяжэй у час рэпрэсій займацца стратэгіяй. Трэба аналізаваць сітуацыю, бачыць, куды мы хочам рухацца, і пракладаць шлях. Калі такую мэту не ставіць, то мы будзем толькі адбівацца ад рэпрэсій і рэагаваць на кепскія навіны".

Пры гэтым, паводле слоў саміх праваабаронцаў, праваабарончая дзейнасць у Беларусі пашыраецца. На трэці Беларускі праваабарончы форум сабралася больш за 110 дэлегатаў, 25 праваабарончых арганізацый ды ініцыятываў. З 2010 года арганізацый паболела на 8.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі