Беларусы пераселі на "Porsche": штомесяц у Мінску прадаецца больш за 10 аўто

У аўтасалонах Мінска праблемы. Зніжкі на машыны даходзяць да 40 адсоткаў, у лепшым выпадку аўто прадаюць па сабекошце, а часам і танней. Так аўтасалоны спрабуюць вызваліць перагружаныя склады.
Напрыклад, новы пяцідзверны хэтчбэк "Ford Focus" з аб'ёмам 1.4 можна набыць за 11.700 долараў. Да гэтага яшчэ можна атрымаць крэдыт на аўто ў беларускіх банках нават пад 11,7 адсоткаў. Для гэтага трэба ўсяго толькі запоўніць анкету, распавялі Еўрарадыё і ў аўтасалоне "Ford":

"13,7 працэнтаў у доларах, 14 — у еўра, тэрмінам да 7 год, з магчымасцю датэрміновага пагашэння. А калі першы ўнёсак складае больш за 30 працэнтаў, то не патрэбная даведка аб даходах, толькі анкета. Крэдыт даецца без камісіі і без дадатковых плацяжоў. Адзіная ўмова — аўтакаска".

Атрымоўваецца, што першы ўнёсак за "Ford Focus" можа быць 2.340 долараў. А каб не падаваць даведку аб даходах, дастаткова зрабіць першы ўнёсак 4 тысячы долараў.

А на новым "Volkswagen Passat" можна зэканоміць 3 тысячы долараў і набыць яго за 21 тысячу ў крэдыт пад 11.7 адсоткаў з першым унёскам у 7 тысяч долараў.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, па крэдыты і новыя аўто людзі не спяшаюцца, бо не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, кажа дылер "Volkswagen":

"Зараз крэдыт — гэта не самы крытычны фактар. Людзі больш купляюць за "жывыя" грошы. Калі раней аб'ём аўто, што прадалі ў крэдыт, складаў 60-65, то цяпер у межах 10 працэнтаў".

Традыцыйна на аўтарынку ўзімку зацішша, а ўвесну пачынаецца рост. Але ж у гэтым годзе самыя буйныя аўтадылеры канстатуюць адваротную тэндэнцыю. 
У параўнанні з зімой, паводле слоў аўтадылераў, падзенне рынку склала каля 20 працэнтаў (!), хаця мусіць быць наадварот.

Не практыкуе зніжак і крэдытаў толькі салон "Porsche". Яны маюць значны ўздым продажу аўтамабіляў у параўнанні з другой паловай 2008 года. І прадаюць штомесяц больш за 10 машын. Дарэчы, самы дарагі аўтамабіль "Porsche", куплены ў Беларусі, каштаваў значна больш за 100 тысяч еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі