Беларусы не бачылі Лукашэнку 16 дзён

Беларусы востра адчуваюць недахоп прэзідэнта ў краіне. Альбо не адчуваюць, але Аляксандра Рыгоравіча даўно няма на публіцы. 10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка паехаў пакатацца на лыжах ў Сочы. І ўсё б нічога, калі б яго хто-небудзь бачыў пасля вяртання. Аднак усё, што можна пачуць ад
прэс-службы прэзідэнта Беларусі, гэта тое, каго і калі ён павіншаваў, каму і з
якой нагоды паспачуваў.

Апошнімі, хто бачыў
Лукашэнку, былі артысты і спартоўцы, якія суправаджалі кіраўніка дзяржавы на
курорце ў Краснай Паляне. Аднак самі яны адмаўляюць гэты факт. Вось што нам
сказала спявачка Ірына Дарафеева:

- Вы апошні чалавек, які бачыў Лукашэнку…

- У вас няправільная інфармацыя.

- А што вы можаце сказаць?

- Нічога.

Гэта ўжо не першае
знікненне Аляксандра Лукашэнкі. Роўна год таму прэзідэнт знік з экранаў
тэлебачання 20 сакавіка пасля прэс-канферэнцыі па выніках выбараў і да 8
красавіка – дня яго інаўгурацыі. Прычым інаўгурацыю перанеслі з 31 сакавіка. Тады
прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі паведаміў прэсе, што прэзідэнт працуе з
дакументамі. На публіцы Аляксандр Рыгоравіч з’явіўся стомлены і прыгнечаны.

Сёлета паўтараецца
тая ж гісторыя. Павел Лёгкі паведаміў агенцтву БелаПАН, што з прэзідэнтам
нічога не здарылася, ён “прымае чыноўнікаў з дакладамі, працуе з дакументамі”.

Дакладна не вядома,
з якімі чыноўнікамі сустракаецца Лукашэнка і з якімі дакументамі працуе. Але,
відаць, чыноўнікі і дакументы – важныя. З-за іх кіраўнік дзяржавы адмяніў візіт
у В’етнам, запланаваны на 25-27 сакавіка, “прапусціў” візіт кіраўніка
расійскага ўраду Міхаіла Фрадкова. Не з’явіўся Лукашэнка і на хакейным турніры
“Залатая шайба”, які ж сам і заснаваў. Не паказаўся ні на адным матчы плэй-офу
чэмпіяната Беларусі па хакеі.

23 сакавіка Беларусь
наведаў Філіп Кіркораў. Напярэдадні спявак заявіў, што пры нагодзе хацеў бы сустрэцца
з Лукашэнкам, каб вырашыць фінансавае пытанне, звязанае са здымкамі кліпа
беларускаму ўдзельніку Еўрабачання Змітру Калдуну. Знаходзячыся ў Мінску і пры
нагодзе, Кіркораў так і не сустрэўся з Лукашэнкам. Відаць, усё тыя ж чыноўнікі
і дакументы перашкодзілі.

Еўрапейскае радыё
вырашыла праглядзець звычайны графік працы беларускага прэзідэнта. Так, толькі
з 1 сакавіка Лукашэнка паспеў даць інтэрв’ю тэлеканалу “Аль-Джазіра”, уручыць
дзяржаўныя ўзнагароды, прыняць удзел у спартыўным свяце “Беларуская лыжня-2007”, наведаць Аб’яднаныя
Арабскія Эміраты, сустрэцца і павіншаваць беларускіх кабет з Міжнародным
жаночым днём, вырашыць некаторыя кадравыя пытанні і падпісаць указы.

10-га
сакавіка ён ужо быў у Сочы. Па чутках, Лукашэнка мог атрымаць траўму падчас
катання на горных лыжах. Але ў кожным разе беларусы не бачылі Лукашэнку ўжо 16
дзён.