Беларусы часта лічаць вайну бессэнсоўнай, але вераць прапагандзе: новае апытанне

Лукашэнка ў тэлевізары
Лукашэнка ў тэлевізары

Нават прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі сталі радзей выступаць за вайсковую падтрымку Расіі і чакаць добрага ў эканоміцы. Яшчэ 40% гарадскіх беларусаў называюць бессэнсоўнай вайну, але столькі ж верыць, што расійскае войска не ваюе супраць мірных украінцаў.

Такія вынікі апытання Chatham House, якое прайшло з 6 да 17 чэрвеня 2022 года. Апытанне выканана з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI) сярод гарадскіх жыхароў. Даследчыкі адзначаюць, што 75–82% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Інтэрнэт-карыстальнікі больш эканамічна і сацыяльна актыўныя, таму магчыма, што падтрымка Лукашэнкі і ягонай палітыкі можа быць трохі вышэйшая, чым адлюстравана ў апытанні. Асцярогі рэспандэнтаў таксама могуць уплываць на вынікі апытання. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,5%.

 

Падтрымка Расіі паступова зніжаецца

Беларусы па-ранейшаму ставяцца да вайны хутчэй адмоўна. Не падтрымліваюць ці хутчэй не падтрымліваюць дзеянні Расіі ва Украіне 43% апытаных. Супрацьлеглыя меркаванні ў 33%.

Белорусы часто считают войну бессмысленной, но верят пропаганде: новый опрос
Як заўсёды, высокая доля тых, хто не вызначыўся / Chatham House

Паступова зніжаецца доля тых, хто ўпэўнены, што адразу пасля пачатку вайны трэба было падтрымліваць Расію ці ваяваць на яе баку. У сакавіку так лічылі 28% апытаных, а ў чэрвені — 23%. Таксама стала менш прыхільнікаў поўнага нейтралітэту і вываду замежных войскаў з Беларусі: 25% у сакавіку і 23% у чэрвені.

Крыху менш людзей сталі лічыць, што пасля пачатку ваенных дзеянняў трэба было асудзіць дзеянні Расіі, але не ўступаць у ваенны канфлікт (15% у сакавіку супраць 13% у чэрвені).

З'явілася больш ваяўніча настроеных людзей. Лічаць патрэбным ваяваць на баку Расіі 5% (было 3% у сакавіку), а на баку Украіны — 4% (быў 1% у сакавіку). Вялікая доля тых, хто не вызначыўся. 28% апытаных не ведаюць, як Беларусі цяпер сябе паводзіць.

Белорусы часто считают войну бессмысленной, но верят пропаганде: новый опрос
Людзі больш міралюбныя, калі гавораць пра тое, што рабіць зараз, чым калі ацэньваюць мінулае / Chatham House

— Скарачаецца і без таго малая доля тых, хто чакае пазітыўных наступстваў [вайны. — Еўрарадыё]. Гэта звязана з тым, што прыхільнікі ўлады сталі крыху радзей чакаць пазітыўнага эфекту вайны, — адзначаюць даследчыкі.

Станоўчых эфектаў для Беларусі ў красавіку чакалі 18% рэспандэнтаў, а ў чэрвені ўжо 14%. Яшчэ менш чакаюць добрага для сябе. З пазітывам глядзелі ў будучыню 17% апытаных у красавіку, а ў чэрвені толькі 10%.

Белорусы часто считают войну бессмысленной, но верят пропаганде: новый опрос
Эканамічныя перспектывы ацэньваюць стабільна дрэнна / Chatham House

Войска хутчэй не асудзяць за адмову ваяваць

Людзі ўсё радзей бяруцца прадказваць, што стане рабіць войска, калі беларускія ўлады вырашаць ваяваць на баку Расіі. Калі ў красавіку не змаглі адказаць 31%, то ў чэрвені ўжо 38%. У цэлым ад беларускага войска не чакаюць як асаблівых подзвігаў накшталт адмовы выконваць загады, так і бурнай антыўкраінскай дзейнасці.

— Толькі пятая частка беларускага грамадства лічыць, што вайскоўцы прымалі б актыўны ўдзел ва ўзброеным канфлікце супраць Украіны.

Толькі чвэрць рэспандэнтаў паставіліся б негатыўна да адмовы беларускіх вайскоўцаў ваяваць, выконваць загады і складання зброі. У чэрвені часцей, чым у красавіку, прыхільнікі дзейнай улады сталі адчуваць цяжкасці пры адказе на гэтае пытанне.

І ў чэрвені, і ў красавіку 42% заявілі, што ўхвалілі б адмову войска ваяваць. У чэрвені не падтрымалі б такое рашэнне 26% (-4 а. п.) апытаных, яшчэ 32% не вызначыліся (+4 а. п.).

Белорусы часто считают войну бессмысленной, но верят пропаганде: новый опрос
Здача ў палон менш папулярная, чым проста адмова ваяваць / Chatham House

40% апытаных думаюць, што вайна ва Украіне не мае ніякага сэнсу (+7 а. п.). Яшчэ 32% не змаглі адказаць (+3 а. п.) і 29% сэнс знайшлі (-9 а. п.) пры гэтым відаць праца прапаганды: таксама 40% перакананыя, што расійскія войскі не выкарыстоўваюць зброю супраць мірных грамадзян ва Украіне (-1 а. п.).

З 34% да 29% упала доля тых, хто за прызнанне Беларуссю ЛДНР. Гэтыя 5% перавандравалі ў сегмент тых, хто не вызначыўся. Іх у чэрвені аказалася 44%. А праціўнікаў прызнання ДНР і ў чэрвені, і ў красавіку было 26%.
 

Папулярнасць АДКБ на мінімуме

Белорусы часто считают войну бессмысленной, но верят пропаганде: новый опрос
Вага АДКБ усё яшчэ вялікая, але хутка зніжаецца / Chatham House

Людзі застаюцца дружалюбна настроенымі да ўсіх краін у той ці іншай ступені, адзначае Chatham House. Вельмі добра ці ў асноўным добра ставяцца да такіх краін, як Расія (71%), Украіна (65%), Польшча (55%), сябры ЕС (60%), ЗША (42%) і Кітай (73%). А стаўленне да ваенных хаўрусаў мяняецца.

— Колькасць прыхільнікаў знаходжання Беларусі ў АДКБ знаходзіцца на мінімуме за ўвесь час даследаванняў.

Калі ў лістападзе 2020 года за сяброўства ў АДКБ было 63%, то цяпер за гэты хаўрус выказаліся 42% апытаных. Яшчэ 48% за нейтралітэт без любых ваенных хаўрусаў, а 10% хацелі б бачыць Беларусь у НАТА.

— Як і да вайны, да размяшчэння расійскай вайсковай базы беларусы ставяцца хутчэй адмоўна [43%. — Еўрарадыё]. Яшчэ большы негатыў выклікае перспектыва размяшчэння ядзернай зброі [супраць 80%. — Еўрарадыё].

Значна скарацілася колькасць людзей, якія выступаюць за хаўрус з Расіяй і ЕС адначасова. У верасні 2020 года гэтага хацелі 41%, а ў чэрвені 2022-га толькі 25%. Амаль за два гады ўдвая вырасла доля тых, хто хоча ў ЕС, — 18%. І на 10 а. п. стала больш прыхільнікаў хаўрусу з Расіяй — 37%. Доля людзей з такой пазіцыяй не змяняецца з студзеня 2022 года. Яшчэ 21% не вызначыліся.

— Пры гэтым беларусы бачаць хаўрус з Расіяй хутчэй як эканамічны, а не палітычны, — робіць выснову Chatham House.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі