Беларусу абяцалі $5 тысяч за дыверсію на інфраструктуры Ровенскай АЭС

Іван Яравы

Іван Яравы / svaboda.org

Стала вядома прозвішча дыверсанта-грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў падарваць інфраструктуру Ровенскай АЭС. Як паведамляе Радыё Свабода, гэта — Іван Яравы, ураджэнец станіцы Мячоцінская Растоўскай вобласці РФ. Да свайго ўдзелу ў вайне на баку Расіі ён жыў у райцэнтры Круглае ў Магілёўскай вобласці.

Напярэдадні Служба бяспекі Украіны паведаміла, што грамадзянін Беларусі, які працаваў на расійскую ваенную разведку, асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым у "дыверсіі" і "ўдзеле ў тэрарыстычнай групе ці тэрарыстычнай арганізацыі". Прозвішча не называлася.

Мужчыну затрымалі 11 студзеня 2024 года, калі ён спрабаваў замацаваць GPS-трэкеры на апоры лініі электраперадач, якая забяспечвае агламерацыю Кіева. Такія маячкі выкарыстоўваюцца для карэкціроўкі ўдараў па аб'екце, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнікаў тыпу Shahed. У судзе ён назваў прозвішчы ці пазыўныя сваіх куратараў, цалкам прызнаў сваю віну і расказаў, як прыбыў ва Украіну.

У пачатку года Яравы прыехаў у Пінск. Там яго сустрэў адзін чалавек, а дапамог перайсці мяжу ва Украіну ўжо іншы. На ўкраінскай тэрыторыі беларуса сустрэў яшчэ адзін мужчына, які перадаў пашпарт Украіны і GPS-трэкеры, якія той мусіў усталяваць на анкерную апору паветранай лініі 750кВ, якая звязвала Ровенскую АЭС з падстанцыяй "Кіеўская" (ад гэтага месца да станцыі прыблізна 70 км). Лічыцца, што ў Пінску Івана Яравога сустрэў кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі. Ён перадаў яму тысячу долараў, а пасля выканання дыверсіі паабяцаў выплаціць яшчэ $5 тысяч. Другі чалавек, які перапраўляў Яравога ва Украіну, быў грамадзянінам Беларусі. Але каардынатарам лічыцца менавіта расіянін.

На судзе высветлілася,што ўкраінскія спецслужбы ведалі пра місію беларуса яшчэ да яго прыбыцця ва Украіну і пасля "вялі" яго. Пракуратура дазволіла спецыяльны следчы эксперымэнт — "правакацыю злачыства". "Дыверсанта" каля мяжы сустрэў чалавек, пасланы СБУ, які завёз яго на месца, дзе мусіла адбыцца дыверсія. Там грамадзяніна Беларусі і затрымалі. Пры затрыманні Яравы адразу ва ўсім прызнаўся.

Вядома, што Іван Яравы служыў у беларускім войску (ў Фаніпалі), пасля працаваў будаўніком. На вайну паехаў у лістападзе 2014-га, ваяваў на баку РФ у складзе "казацкага палка", меў пазыўны "Пушкін". У 2015-м ён прыязджаў у РБ, на зваротым шляху яго затрымалі — больш за тыдзень пратрымалі ў магілёўскім СІЗА, папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за наёмніцтва і адпусцілі. У траўні 2018-га Магілёўскі абласны суд за ўдзел у вайне на Данбасе на баку "ЛНР" пакараў жыхара райцэнтра Круглае 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Гэта быў Іван Яравы. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну мужчына далучыўся да ПВК "Вагнер". У шэрагах "вагнераўцаў" ён штурмаваў Бахмут. А пасля вярнуўся ў Беларусь, дзе атрымаў новае заданне ад куратара з ГРУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі