Беларускую каўбасу з бабра плануюць прадаваць на экспарт

Беларускую каўбасу з бабра плануюць прадаваць на экспарт

Беларусь хоча пастаўляць каўбасу з бабра на экспарт. Пра гэта заявіў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Шастакоў.

"Мы плануем выйсці на нашы дыпмісіі з прапановай пастаўляць каўбасу з бабра за мяжу. Гэта не кураціна, не свініна, якую бачым ўсюды на прылаўках, гэта ўсё ж такі абмежаваная партыя прадукцыі, дзіва", — цытуе БЕЛТА словы Шастакова. 

На дэгустацыі, якая прайшла на выставе "Паляванне і рыбалоўства", прадставілі пробную партыю каўбасы з бабрынага мяса двух відаў — з дадаткам дзікай качкі і аляніны, а таксама шашлык з бабра. Па словах Шастакова, гэтая каўбаса пакуль не прадаецца. "Вывучылі вопыт краін-суседзяў і пераканаліся, што амаль ніхто не робіць чыстую каўбасу з бабра. Мяса бабра па сваёй структуры даволі вадзяністае, таму па рэцэптуры пажадана змешваць яго з іншымі відамі. Мы зрабілі сыравэнджаную каўбасу з тэрмінам захоўвання каля двух месяцаў — гэта цалкам прымальны тэрмін для яе рэалізацыі", — растлумачыў чыноўнік.

Наладзіць вытворчасць каўбасы з бабра плануецца сёлета восенню-зімой, бо сезон палявання на бабра пачынаецца з 1 верасня. Як паведаміў Шастакоў па ўсёй Беларусі здабываецца каля 9000 асобінаў бабра. Прыкладна 30-40% з іх пойдзе на каўбасу.

Каштаваць яна будзе прыблізна 25-30 рублёў за 1 кг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі