Беларускія журналісты атрымалі прэміі ў Варшаве

28 сакавіка ў Доме журналіста ў Варшаве міжнароднае журы ўручыла прэміі ў дзвюх катэгорыях.



У катэгорыі "Журналісты-пачаткоўцы" ўзнагароду атрымалі беларуская журналіска Кацярына Пшыбыльская (за артыкул “Беларусь: жабракам уваход забаронены”), беларускі журналіст Яўген Карпаў (“Схаваны плод падполля”), польская журналістка Эва Звежыньска (“Мы з калгасу”).



У катэгорыі "Прафесійная журналістыка" ўзнагароды атрымалі іспанскі журналіст Аргеміна Баро (за артыкул “У чаканні чырвонага кастрычніка”), літоўская журналістка Індрэ Ваіналавічутэ (“Чаканне ядзернага раю: ядзерны прывід Чарнобыля блукае па вуліцах Астраўца”), Марыя Мартысевіч (“Трактар а-ля bohème у цені новага парадку”).



Старшыня журы канадскі прафесар Давід Марплз адзначыў высокі прафесіяналізм удзельнікаў і асабліва іспанскага журналіста Аргемена Баро, які цяпер вывучае эканоміку ў Нью-Ёрку. Марплз параіў яму кідаць навучанне і рабіцца журналістам.



Сам Аргеміна Баро паведаміў Еўрарадыё, што інтарэс да Беларусі, як і да ўсёй постсавецкай прасторы, у яго звязаны са спробай знайсці адказы на пытанні, як функцыянуе дыктатура. Ён паспрабаваў знайсці карані постсавецкай ментальнасці ў мінулым. Задаўся пытаннем, як, да прыкладу, міф Вялікай Айчынай вайны выкарыстоўваецца ў кіраванні дзяржавай сёння, як ствараюцца такія жорсткія правілы гульні. Па словах Аргеміна, яму падалося, што іспанскаму чытачу гэта будзе цікава, бо пра Беларусь напісана няшмат.



Дарэчы, у склад журы ўвайшлі галоўны рэдактар сайту “Беларускі партызан” Павел Шарамeт і сябар арганізацый Беларуская асацыяцыя журналістаў і Індэкс цэнзуры Андрэй Аляксандраў, а таксама палітолаг і міжнародны журналіст з Даніі Майкл Андэрсaн.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі