Беларускія ўлады самі не гатовыя да паніжэння кошту шэнгенскіх віз?

Былы прадстаўнік нашай краіны ў Еўропе Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што менавіта неарганізаванасць беларускіх уладаў стрымлівае Еўропу зрабіць наступны крок. 
У Еўрапейскага саюза пакуль няма планаў пачаць перамовы з беларускім бокам адносна памяншэння коштаў шэнгенскай візы. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы Хаўера Саланы паведаміла “Радыё Свабода”.

На думку былога прадстаўніка міністра замежных спраў Беларусі ў Еўропе Сяргея Гайдукевіча, галоўным “тормазам” у дадзенай сітуацыі з’яўляецца беларуская ўлада. Дакладней – яе неарганізаванасць у сферы міжнародных зносінаў:

“У нас няма структурызацыі ўнутры ўрада і ўлады. Усімі замежным пытаннямі займаецца ў Беларусі МЗС. Для любой іншай краіны ў свеце МЗС – гэта дыпламатычнае забеспячэнне, прыкрыццё і дапамога галінам выканаўчай улады. У Расіі, напрыклад, ёсць спецыяльная пасада памочніка прэзідэнта па сувязях з Еўрасаюзам. Ва Ўкраіне і Грузіі еўрапейскімі справамі займаецца віцэ-прэм’ер, міністр без партфеля, які займаецца кантактамі са структурамі ЕС. У нас такой структуры яшчэ няма, аднак, спадзяюся, хутка з’явіцца”.

А вось беларускі палітолаг Сяргей Панькоўскі перакананы, што рашэнне “візавага” пытання затармазілася менавіта з-за таго, што Еўропа ў чарговы раз не вызначылася, як ёй успрымаць афіцыйны Мінск:

“Гэта ў першую чаргу звязана з нявызначанасцю пазіцыі Еўропы адносна палітычнай сістэмы, якая склалася ў Беларусі, і беларускага палітычнага рэжыму. Аднак у выніку адказнасць за такое становішча ляжыць на саміх беларусах”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі