Беларускія студэнты атрымаюць стыпендыю ў 2 тысячы еўра

Навучэнцы змогуць паехаць вучыцца ў лепшыя еўрапейскія ўніверсітэты па праграме Еўрасаюза “Эразмус Мундус”.
У гэтым годзе 67 беларускіх студэнтаў могуць прайсці навучанне па праграме “Эразмус Мундус”. Гэта праграма для студэнтаў і выкладчыкаў з ВНУ, якія змогуць навучацца ці выкладаць у еўрапейскіх універсітэтах. З Беларусі ўжо прынятыя 4 студэнты і 2 стыпендыяты. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар камісіі ЕС па адукацыі, культуры і пытаннях моладзі Сафі Андэрсан:

"У нас зарэзервавана для Беларусі 67 месцаў — для студэнтаў, якія будуць навучацца па праграме, якой кіруе Універсітэт Дэуста ў Іспаніі, для людзей з Беларусі, якія будуць навучацца па-іспанску. І ўжо прынята на 2009-2010 год 4 студэнты і 2 стыпендыяты".

З чатырох студэнтаў, ужо прынятых на праграму "Эразмус Мундус", адзін — з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, яшчэ адзін — з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта  і два студэнты з Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Праграма “Эразмус Мундус” была створаная дзеля развіцця вышэйшай адукацыі ў Еўрасаюзе, дзеля абмену еўрапейскіх універсітэтаў студэнтамі. Так, кожны немец можа паехаць на год ці два павучыцца ў іншым універсітэце ды атрымаць стыпендыю.

У 2009-2010 навучальным годзе праграма прадугледжвае фінансаванне стыпендыяў і для студэнтаў з беларускіх ВНУ. Агулам у гэтым годзе ў праграме возьмуць удзел 386 універсітэтаў з іншых краінаў. 

Распавядае прэс-сакратар камісіі ЕС па культуры і адукацыі Джон Макдональд:

“Мэтаю гэтага праекту ёсць прасоўванне еўрапейскай вышэйшай адукацыі ва ўсім свеце. Мы хочам спрасціць прыезд найлепшых студэнтаў з усяго свету ў Еўрасаюз і даць ім магчымасць вучыцца праз удзел у праграме “Эразмус Мундус".

Як відаць, Еўрасаюз вельмі зацікаўлены павышэннем якасці адукацыі — і памер бюджэту праграмы гэта чарговы раз пацвярджае.

Джон Макдональд: "Зараз мы маем 950 мільёнаў еўра на 2009-2013 гады для таго, каб пашыраць праграму ЭМ. Памер стыпендыі залежыць ад таго, даецца яна на адзін ці на два гады. Сума для студэнтаў-неграмадзянаў ЕС пакрывае кошты праезду і жыцця. Яна можа складаць ад 24 да 48 тысяч еўра".

Атрымліваецца, што кожны месяц студэнты, якія паедуць навучацца па праграме “Эразмус Мундус”, будуць атрымліваць стыпендыю ў 2 тысячы еўра! За такія грошы можна з галавою сысці у навуку. Праўда, зможаце вы атрымаць стыпендыю ці не — залежыць не толькі ад вас, але і ад універсітэта.

Джон Макдональд: “Студэнты могуць атрымаць стыпендыю на курс “Эразмус Мундус” праз удзел іх універсітэтаў. Універсітэты павінны супрацоўнічаць разам і стварыць своеасаблівы кансорцыум. Будучы ў кансорцыуме, яны могуць прапаноўваць курс “Эразмус Мундус”. Такім чынам зараз мы маем 103 курсы ў Еўропе. І студэнты могуць звярнуцца па стыпендыю для вучобы на адным з гэтых курсаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі