Беларускія паэты презентавалі магілёўскім школьнікам кампанію “Будзьма”

У Магілёве паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк прэзентавалі кампанію "Будзьма" і кнігу "З Богам да Беларусі" Адама Станкевіча. У межах кампаніі адбыліся 2 сустрэчы. Раніцай сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў сустрэліся з вучнямі 11- класаў сёмай сярэдняй школы. А ўвечары адбылася творчая сустрэча ў грамадскім цэнтры "Кола сяброў".

За мінулы тыдзень пісьменнікі наведалі стаўбцоўскую дзіцячую бібліятэку і Шашкоўскую сярэднюю школу. Перад прыездам у Магілёў разам з Анатолем Вярцінскім сустрэліся са школьнікамі ў Баранавічах. А ў сераду наведаюць Рэчыцу.

Эдуард Акулін кажа, што цяпер у сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў няма такіх перашкодаў і забаронаў, якія існавалі раней. Хаця многае залежыць ад асобных людзей. Нармальных людзей, якія не баяцца нешта рабіць, не зважаючы на нейкія незразумелыя загады, кажа Акулін:

"На працягу апошніх трох гадоў, калі гэты загад дзейнічаў. Я асабіста па ўсёй Беларусі выступіў больш, чым 370 разоў".

Сфера ўжывання беларускай мовы вельмі звужаецца. Кампанія "Будзьма" — культуралагічны праект, які можа спыніць гэты небяспечны працэс. Перш за ўсё з дапамогай такіх сустрэч з моладдзю, лічыць Леанід Дранько-Майсюк:

"Сённяшнія школьнікі, перад якімі мы выступалі, на жыццё глядзяць з шырока расплюшчанымі вачамі. Ім усё цікавае".

Самым актыўным удзельнікам абодвух сустрэчаў пісьменнікі падаравалі кашулі з лагатыпам "Будзьма".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі