Вы тут

Беларускія католікі пачалі кампанію супраць фальсіфікацый на выбарах

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына / svaboda.org

Група беларускіх католікаў распачала кампанію супраць фальсіфікацый на выбарах, паведамляе Радыё Свабода. Гэтыя людзі (у групе пакуль толькі вернікі з Мінска і Гомеля) звяртаюцца да чальцоў выбаркамаў і заклікаюць іх "сумленна лічыць галасы". Яны нагадваюць, што ўдзел у фальсіфікацыях, замоўчванне такіх фактыў з'яўляецца "цяжкім грахом".

"Наша задача — заахвоціць католікаў, якія ўваходзяць у склад выбарчых камісій, выконваць заканадаўства Беларусі і прадухіляць любыя парушэнні, — кажа адзін з ініцыятараў кампаніі Арцём Ткачук. — З гэтай мэтай мы апублікуем адкрыты ліст, выказванні святароў і вядомых свецкіх вернікаў, інфармацыю пра вучэнне Каталіцкай царквы пра абавязкі ўдзелу вернікаў у грамадскім і палітычным жыцці".

Як вядома, на нядаўніх урачыстасцях у Будславе кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што выбары "павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі". Да гэтага ж заклікаюць і ініцыятары згаданай кампаніі. Яны лічаць, што "без справядлівага падліку галасоў выбары не будуць сумленнымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.