Беларускія гандбалісты зрабілі крок да выхаду на чэмпіянат Еўропы

Беларускія гандбалісты ўпэўнена выйгралі першы адборачны матч чэмпіянату Еўропы ў зборнай Швейцарыі. Гульня праходзіла ў Брэсце. Нейкі час беларускім заўзятарам давялося пахвалявацца. Швейцарцы аднойчы зраўнялі лік — 11:11, аднак у гэтай сітуацыі нашы хлопцы здолелі за кароткі адрэзак гульні закінуць тры безадказных мячы. Пасля першага тайма беларусы былі наперадзе 15:12. У другім тайме дружына Спартака Мірановіча павялічыла перавагу і кантралявала гульню да фінальнага свістка. Канчатковы лік 33:24 на карысць беларусаў.

Выдатна згуляў галкіпер нашай каманды Віталь Фешчанка. Лепшым бамбардзірам у зборнай Беларусі ў гэтай гульні стаў Іван Броўка, на рахунку якога 7 мячоў, 6 мячоў у вароты швейцарцаў закінуў Сяргей Убожанка.

Лёс пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы вырашыцца ў матчы ў адказ у Швейцарыі, які адбудзецца 17 чэрвеня. Адзначым, што ў фінальнай частцы еўрапейскага першынства беларусы не выступалі ўжо 13 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі