Беларускія дэпутаты прапануюць увесці "пасведчанне суайчынніка"

Беларускія дэпутаты прапануюць увесці "пасведчанне суайчынніка"

"Пасведчанне суайчынніка" для выхадцаў з Беларусі ды іх нашчадкаў прапануюць увесці дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.

Ён падкрэсліў, што "пасведчанне суайчынніка" не варта параўноўваць з Картай паляка ды іншымі падобнымі дакументамі. Па словах Варанецкага, беларускі дакумент мае на мэце "ўмацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай".

Прычым гаворка вядзецца не толькі пра дыяспару, але і пра тых, чые далёкія продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як прыклад вядомых асобаў, якія маюць беларускія карані, дэпутат назваў бельгійскую каралеву Мацільду, якая ​​паходзіць са знакамітага шляхецкага роду Сапегаў. Варанецкі кажа, што хацелася б аб'яднаць такіх славутасцяў вакол Беларусі, "каб у людзей было разуменне, што тут іх карані".

Уладальніку "пасведчання суайчынніка" плануецца даць пэўныя прэферэнцыі — напрыклад, магчымасць прыехаць у Беларусь без візы. 

Свае прапановы дэпутаты ўжо накіравалі ва ўрад, МЗС, Мінспорту, Мінкульт, Мінінфарм ды іншыя ведамствы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі