Беларускія абітурыенты не хочуць ісці ў бібліятэкары і флейтысты

У Беларусі завяршаецца прыём дакументаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы першай плыні.



13 ліпеня спынілі прымаць дакументы ВНУ сферы культуры. Па ліку прынятых заяваў лідзіруе Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Там на бясплатнае навучанне прэтэндуе 441 абітурыент. План прыёму акадэміі сёлета складае 130 чалавек — за кошт бюджэту і 159 — на платнай аснове.



Як адзначае БелаПАН, найбольшая колькасць дакументаў пададзеная на тэатральны факультэт на спецыяльнасць "Акцёрскае мастацтва": 87 заяваў на вочную форму навучання і 20 — на завочную пры плане 18 і 10 чалавек адпаведна.



У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сёлета найбольшай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці "Фартэпіяна" (52 заяўкі пры плане набору 30 на бюджэт і 10 — на платнае навучанне); "Дырыжыраванне (акадэмічны хор)" (23 заяўкі пры плане 16 і 5 адпаведна); "Скрыпка" (22 заяўкі пры плане 15 і 6).



Менш, чым планавалася, пададзена заявак на спецыяльнасці "флейта", "габой", "цымбалы" ды іншыя інструменты.



У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў самымі запатрабаванымі сталі спецыяльнасці "Культуралогія (мэнэджмент сацыяльнай і культурнай сферы)" — 39 заяваў на бюджэтнае навучанне пры планавым наборы 15; "Культуралогія (мэнэджмент міжнародных культурных сувязяў)" — 38 пры плане 15 чалавек; "Культуралогія (мэнэджмент рэкламы і сувязяў з грамадскасцю)" — 37 заяваў пры наборы 8 чалавек.



А вось недабор адзначаецца на спецыяльнасці "Бібліятэказнаўства і бібліяграфія". Туды пададзена 51 заяўка пры планавым наборы 70 чалавек.

Фота — mirknigsch.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі