Беларускіх памежнікаў асудзілі на тры гады за "зліў" сакрэтнай інфармацыі

Суд Гродзенскага раёна адправіў на тры гады за краты дваіх памежнікаў заставы "Сонічы". Іх прызналі вінаватымі ў злоўжыванні ўладай і атрыманні хабару.

Як паведамляе газета "Вечерний Гродно", памежнікі "злівалі" сакрэтную інфармацыю пра сітуацыю на мяжы, дапамагалі кантрабандыстам без праблем праносіць цыгарэты ў Літву. Адзін з памежнікаў агулам атрымаў 490 долараў хабараў, іншы — 100 долараў. Яны дасылалі кантрабандыстам СМС з шыфрам, з якога вынікала, што ў пэўным месцы мяжы няма нараду. Колькі цыгарэт было перапраўлена ў Літву, невядома.

Суд пакараў аднаго памежніка трыма гадамі пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, другога — трыма гадамі абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Абодвух пазбавілі вайсковых званняў (старшыны запасу і прапаршчыка). Што да аднаго з кантрабандыстаў, жыхара Гродзенскага раёна, то ён атрымаў два гады абмежавання волі.

Асуджаным памежнікам 27 і 36 гадоў. У іх ёсць малыя дзеці, жонкі цяжарныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі