Беларускі прыхільнік зробіць для «Крематория» камп'ютарную гульню

Беларускі прыхільнік расійскага рок-гурта «Крематорий» зрабіў афармленне апошняга альбома, напісаў сцэнар для камп’ютарнай гульні паводле песенных гісторый калектыву, і цяпер працуе над графічным афармленнем гульні. Афармленне для новага альбома расійскага рок-гурта «Крематорий» пад назвай “Амстердам” зрабіў беларускі прыхільнік калектыву. Яму давялося працаваць над альбомам разам з такімі асобамі, як вучань Ціхана Хрэнікава кампазітар Алег Траяноўскі, скрыпач гурта "Король и Шут" Дзмітрый "Каспер" Рышко, дуэт выканаўцаў рускіх народных песень і шматлікія іншыя музыкамі.

Як расказала Еўрарадыё спецыяліст па сувязях з грамадскасцю гурта «Крематорий» Дар'я Шаталава, музыкі калектыву даўно заўважылі маладога і таленавітага Канстанціна Алейнікава (па мянушцы Элвіс Ваяўнічы), але толькі цяпер прыдумалі як выкарыстаць яго ўменні:

Дар'я Шаталава: «Ён вельмі крэатыўны хлопец. І калі ўзнікла пытанне пра альбом, то той дызайнер, якога нам прапанавалі, нам не спадабаўся. А далей – гэта інтуіцыя. Я вельмі задаволеная, што так атрымалася, бо нават нашым маскоўскім музычным крытыкам, якія бачылі стыль афармлення, вельмі спадабалася. Элвіс проста малайчына!»

Дар'я дадала, што «Элвіс» не толькі дакладна зразумеў тое, што ад яго жадалі і адэкватна ўспрымаў парады Армена Грыгарана (лідэра гурта «Крематорий»), а яшчэ і зрабіў усё ў час.

Сам Канстанцін «Элвіс» Алейнікаў расказаў, што раней удзельнічаў у конкурсах, якія абвяшчаў гурт. А шэраг яго малюнкаў на адну з песень «Крематория» быў паказаны публіцы ў Цэнтральным доме мастакоў, калі там ладзілася персанальная выстава карцін Грыгарана.

Афармленне альбома «Амстердам» стала першым супрацоўніцтвам Канстанціна з расійскім рок-калектывам, але не апошнім. «Элвіс Ваяўнічы» расказаў, што напісаў сцэнар камп’ютарнай гульні паводле песень «Крематория», больш за тое, ён жа будзе яе маляваць:

Канстанцін Алейнікаў: «Гульня рыхтуецца, вось збіраюся ўшчыльную ёй заняцца. Набыў камп'ютарны планшэт, бо да гэтага маляваў мышкай, а гэта не вельмі зручна. А сцэнар я дасылаў ім недзе год таму, ім спадабаўся сюжэт, але, вядома, гэта ўсё ў сырым варыянце і там будзе нешта карэктавацца».

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю гурта Дар'я Шаталава расказала Еўрарадыё, што ідэя зрабіць гульню з'явілася года паўтара таму. Цяпер яна дапрацоўваецца. Сюжэт будзе будавацца на гісторыях ужо міфалагічных герояў песень «Крематория»:

Дар'я Шаталава: «У шматлікіх гуртоў лірыка «я люблю, а ты не», ці наадварот. А ў песнях «Крематория» ёсць канкрэтныя міфалагічныя персанажы, тыя ж Тані, Эльзы, Хабібуліны. Таму нам і прыйшла ідэя распрацаваць сцэнар для камп’ютарнай гульні і насяліць яе гэтымі героямі, і няхай іх прыгоды будуць часткова падобныя на песенныя казкі, а часткова і нешта новае».

Цікава, што Канстанцін Алейнікаў не мае мастацкай адукацыі і такое супрацоўніцтва было для яго нечаканым. Маляваць жа для іншых зорак рок-сцэны ён не спрабаваў, бо лічыць, што трэба добра ведаць гурт, каб нешта атрымалася:

Канстанцін Алейнікаў: «Трэба любіць гурт і разумець яго творчасць, бо калі проста атрымліваеш замову, то гэта ўжо атрымліваецца нейкая руціна. Армен Грыгаран казаў у нейкім інтэрв'ю, што выбраў мяне, бо я слухаю гурт ужо шмат год і ведаю герояў».

Канстанцін дадаў, што рабіў афармленне для альбома не з-за грошай, а проста так. Тым больш, «Крематорий» не раз дапамагаў яму з квіткамі на канцэрты ці на дарогу, але тое, што яму і гэтым разам дапамаглі, не адмовіў.

Дадам, што першая сур'ёзная канцэртная прэзентацыя новага дыска і новай канцэртнай праграмы, якая называецца «Путешествие в Амстердам» адбылася 30 сакавіка ў Кіеве. Першым музыкі выбралі украінскую сталіцу, каб падзякаваць мясцовым прыхільнікам за актыўны ўдзел у здымках кліпа «Амстердам».

Прэзентацыя альбома ў Маскве адбудзецца толькі 25-га красавіка.

Фота: crematorium.ru (малюнак з афармлення альбома)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі