Беларуская праваслаўная царква атрымала папярэджанне ад уладаў

Беларуская праваслаўная царква  атрымала папярэджанне ад уладаў

27 лістапада Беларуская праваслаўная царква атрымала папярэджанне ад Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. Дакумент, у якім гаворыцца пра гэтае папярэджанне, выклаў у сябе ў блогу вядомы расійскі публіцыст і блогер протадыякан Андрэй Кураеў.

Гэта ліст кіраўніка БПЦ мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, дасланы епіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію.

Мітрапаліт Веніямін не тлумачыць, за што было вынесенае папярэджанне. Але кажа, што "ў тэксце атрыманага папярэджання ўказваецца на няўхільны абавязак рэлігійных арганізацый выконваць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе іх дзейнасць". У прыватнасці, даюцца спасылкі на артыкул 16 Канстытуцыі і артыкул 8 Закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях". У згаданым артыкуле 8 гаворыцца, што рэлігійную арганізацыю могуць закрыць праз суд, калі яна за год атрымае два і больш папярэджанняў.

У свувязі з гэтым мітрапаліт Веніямін просіць епіскапа Арцемія забяспечыць у епархіі выкананне беларускага заканадаўства, а таксама "рашэнняў і пазіцыі Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы".

Як паведамлялася раней, падчас жнівеньскіх пратэстаў і іх жорсткага разгону архіепіскап Арцемій рэзка асуджаў гвалт, у тым ліку з царкоўнага амбона.

Былы прэс-сакратар БПЦ Сергій Лепін асудзіў дзеянні сілавікоў, якія знішчылі народны мемарыял памяці Рамана Бандарэнкі. Генпракуратура вырашыла, што такія выказванні супярэчаць Канстытуцыі і Закону "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" і павышаюць узровень напружанасці ў грамадстве.

Беларуская праваслаўная царква  атрымала папярэджанне ад уладаў
Ліст мітрапаліта Веніяміна / diak-kuraev.livejournal.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі