Беларуская моладзь рыхтуецца падтрымаць зборную Грузіі ў матчы з Расіяй

Адборачны матч маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па футболе паміж зборнымі Расіі і Грузіі адбудзецца ў пятніцу ў Мінску на стадыёне "Трактар". Пачатак у 16 гадзінаў. Уваход на матч будзе вольны.
Нагадаем, паядынак мусіў адбыцца ў Маскве, але з-за вайсковага канфлікту ў Паўднёвай Асеціі і разрыву дыпламатычных адносінаў паміж Грузіяй і Расіяй, УЕФА дазволіла яго правесці ў беларускай сталіцы. 

Тым часам беларуская моладзь рыхтуецца падтрымаць зборную Грузіі ў матчы з расіянамі. Вось што распавёў Еўрарадыё Франак Вячорка:

"Усе неабыякавыя да грузінскай праблематыкі заўтра ў 15 гадзінаў, за гадзіну да матчу, збяруцца на прыпынку "Стадыён "Трактар". Мы зоймем адзін сектар. Ну і будзем усяляк праяўляць сваю сімпатыю, сваю падтрымку грузінскай моладзевай зборнай".

Франак Вячорка спадзяецца, што да гэтай акцыі далучацца не толькі актывісты "Моладзі БНФ", сябры "Маладога фронту" і маладзёжнай арганізацыі Руху "За Свабоду", але і "непартыйныя сябры". Паводле яго словаў, грузінскую сімволіку можна ўзяць у амбасадзе Грузіі ў Верхнім горадзе.

Як паведамляе БелаПАН, мінская міліцыя абяцае ўжываць узмоцненыя захады бяспекі падчас футбольнага матчу. Праваахоўнікі разлічваюць свае сілы зыходзячы з абсалютнага запаўнення стадыёна, а гэта болей за 17 тысяч месцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі