Беларуская эстрада зайздросціць Ірыне Дарафеевай?

Спявак Аляксей Хлястоў зайздросціць Ірыне Дарафеевай за фінансавую падтрымку ад дзяржавы, сама Дарафеева ўпэўненая, што іншых вартых падтрымкі ў Беларусі няма. Алеся працягвае сама клеіць афішы па ўсёй краіне і цешыцца, што на яе канцэрты людзі ходзяць добраахвотна. Нядаўна Аляксей Хлястоў у ток-шоў “Ответный ход” на БТ жорстка выказаўся пра тое, што наша Міністэрства культуры падтрымлівае толькі адну Ірыну Дарафееву і ў той жа час патрабуе ад беларускай эстрады якаснага музычнага прадукту.

“Размова была пра тое, якім чынам можна дамагчыся бесфанаграмнасці нашых беларускіх артыстаў і выступаць на канцэртах ужывую пры падтрымцы жывых калектываў і танцавальных балетаў. Я толькі з-за гэтага растлумачыў, што ўтрыманне музычнага калектыву, рэпетыцыйнай залы і студыі каштуе вельмі дорага,” – паведаміў Еўрарадыё Аляксей Хлястоў.

Да таго ж дадаў, што не ведае ніводнага беларускага выканаўцу, якога б гэтак жа фінансава падтрымлівалі ўлады:

Хлястоў: “На дадзены момант я магу сказаць, што наўрад ці кагосьці падтрымліваюць таксама, як Ірыну”.

Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што нашы музыкі зараз нават ёй зайздросцяць?”

Хлястоў: “Цалкам. Я гэтага не выключаю”.

Еўрарадыё: “І Вы таксама?”

Хлястоў: “Я? Ну магчыма, па-беламу. Ва ўсялякім выпадку, калі я б атрымаў такую падтрымку, я б быў шчаслівым, бо я б змог рэалізаваць большасць сваіх мараў”
Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто яшчэ з беларускіх зорак зайздосціць “твару краіны” і марыць аб такім фінансаванні.

Спявачка Алеся прызналася, што яна не зайздросціць Ірыне. Больш за тое, яна ўпэўненая, што любое фінансаванне нічога не вартае без канчатковага выніка:

Алеся: “Калі Іры пашанцавала, і яна нейкім чынам звярнула на сябе ўвагу, і ёй выпаў гонар і магчымасць рэалізоўваць сябе, дай Бог, каб у яе атрымалася хоць што-небудзь. Самае галоўнае – гэта канчатковы вынік. Тое, чым усё скончыцца. Я, напрыклад, зараз езджу па краіне, сама вывешваю свае афішы. У мяне поўныя залы, і свае канцэрты не адмяняю. Пры чым на мае канцэрты людзі ідуць добраахвотна, іх ніхто не прымушае ісці. Гэта самы галоўны паказчык. Таму, я лічу, што ў прынцыпе, зайздросціць тут няма чаму”.

Сама ж Ірына Дарафеева лічыць сваю падтрымку заслужанай і на сённяшні дзень не бачыць нікога, хто б мог таксама разлічваць на такую падтрымку:

Ірына Дарафеева: “Я, напрыклад, адкрыла зараз наш новы зборнік шоў-бізнесу. Гляджу – каля 200 артыстаў, аднак не бачыла там ніводнага, хто б выконваў беларускія песні. Хаця, у цэлым, канешне, тут павінна быць любоў гледачоў і такая самаадданая праца, як я рабіла. Калісьці я прысвяціла гэтаму 2 гады жыцця, ездзіла па краіне і дала 165 дарбрачынных канцэртаў для дзяцей, вайскоўцаў. Напачатку, калі хто-небудзь пройдзе такі шлях, я думаю ён таксама будзе вартым”.

Дарэчы, у спявачкі ёсць чым адказаць Аляксею Хлястову. Па яе словах, артыст не можа лічыцца беларускім, калі ў ягоным рэпертуары няма ніводнай беларускай песні:

Ірына Дарафеева: “Магу сказаць у адказ на словы Аляксея Хлястова, што насамрэч добра, калі дзяржава падтрымлівае нашых выканаўцаў. Аднак, я лічу, што калі артыст называе сябе беларускім выканаўцам, то ў яго павінна быць хаця б адна ці дзве беларускія песні…”.

Маладая спявачка Ганна Шаркунова Ірыне Дарафеевай не зайздросціць. Ганна нават лічыць, што Ірына ўсяго гэтага заслужыла доўгай і плённай працай:

Ганна Шаркунова: “Якая тут можа быць зайздрасць, калі яна на сцэне гадоў 20, а я толькі гады 2, ёсць розніца, праўда? Яна моцная жанчына, якая заслужыла гэтага, заслужыла гэтую дапамогу ўрэшце. Ёй таксама доўга ніхто не дапамагаў. Доўгі час яна сама выжывала. Яна працавала сама па сабе. Я не ведаю, аднак зайздрасці ў мяне няма. Я і так за 2 гады зрабіла немагчымае”.

Аляксандра Чалей, Еўрапейскае радыё для Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі