"Беларуская энцыклапедыя" рыхтуе выданне пра Уладзіміра Караткевіча
Гэта будзе класічная энцыклапедыя з персаналіямі.
Да канца 2019 года выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" плануе завяршыць працу над энцыклапедыяй пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла загадчыца рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі выдавецтва Вольга Давідовіч.
Гэта будзе аднатомнае выданне на 500 старонак з вялікай колькасцю ілюстрацыяў. Запланаваны наклад — 1000 асобнікаў.
"Цяпер ідзе актыўны працэс падрыхтоўкі энцыклапедыі. Да працы над ёй мы прыцягнулі выкладчыкаў філфака БДУ, прафесараў, а таксама рэгіянальных аўтараў з Гродна і Гомеля — усе яны з задавальненнем адгукнуліся", — падзялілася падрабязнасцямі Давідовіч.
Плануецца, што гэта будзе класічная энцыклапедыя з персаналіямі. З кнігі можна будзе дэталёва даведацца пра асяроддзе пісьменніка: дзе хто нарадзіўся і вучыўся, кім быў і якім чынам быў звязаны з Уладзімірам Караткевічам. Таксама ў выданні плануецца распавесці пра цікавыя творчыя факты, звязаныя са стварэннем буйных твораў пісьменніка — раманаў, аповесцяў і эсэ. "У нас не стаіць задача ахапіць усю творчасць, а толькі самых значныя моманты", — зазначыла Давідовіч.
Над ілюстрацыйным матэрыялам працуе вядомая мастацтвазнаўца Галія Фатыхава.