Беларускай эканоміцы дапаможа падзенне рубля?

Зніжэнне курсу беларускага рубля можа станоўча паўплываць на эканоміку, лічаць спецыялісты. Толькі ўлады, відаць, пакуль не бачаць ніякай карысці ад паніжэння курсу нацыянальнай валюты. Пра гэта сведчыць стабільнасць долара ў адносінах да беларускага рубля, якая трымаецца ўжо некалькі год.

Адмоўнае сальда (то бок розніца паміж экспартам і імпартам) у краіне расце. А ўлады ніяк не могуць паўплываць на сітуацыю, таму што самі загналі сябе ў кут стабільнасці валюты.

Што ж добрага можа прынесці зніжэнне курсу рубля, альбо дэвальвацыя? Адказвае эканаміст Аляксандр Чубрык:

“Дэвальвацыя магла б быць пазітыўнай у тым сэнсе, што ў нас зараз надта вялікі імпарт у параўнанні з экспартам, даволі вялікі дэфіцыт. І калі б імпарт стаў больш дарагім у параўнанні з заробкамі ў беларускіх рублях, то насельніцтва пачало б купляць менш імпартнай прадукцыі, зменшыўся б дэфіцыт у знешнім гандлі. Такім чынам, адбылася б пэўная стабілізацыя”.

З той жа нагоды, да прыкладу, еўрапейцы стрымалі рост еўра. Еўрапейскія тавары станавіліся ўсё больш і больш дарагімі ў параўнанні з амерыканскімі. Выйсце знайшлося ў дэвальвацыі.

У Беларусі большасць прадпрыемстваў працуе за кошт імпарту. То бок, каб сабраць машыну, трэба прывезці з-за мяжы некаторыя запчасткі, скарыстаць замежную энергію. Такім чынам, на дэвальвацыі такое прадпрыемства як экспарцёр можа зарабіць 20 долараў, а як імпарцёр — згубіць 15. Аднак, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў, дзе-нідзе дэвальвацыя можа быць карыснай:

“Для асобных прадпремстваў можа быць і асобны эфект, калі яны ствараюць нешта са сваёй сыравіны. Напрыклад, мэблю ці будаўнічыя матэрыялы”.

Таму, па словах былога старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча, зніжэнне курса рубля можа прынесці карысць толькі пры ўмове рыначнай эканомікі, адкрытай для замежных інвестыцыяў, якой, на думку спецыяліста, у нас сёння няма:

Станіслаў Багданкевіч: “Дэвальвацыя заўсёды карысная для прадпрыемстваў, якія працуюць на экспарт і маюць маленькі ўзровень рэнтабельнасці. Прадаючы тую ж колькасць тэкстылю, можна атрымаць большы прыбытак у нацыянальнай валюце. Асобныя прадпрыемствы могуць пакрыць выдаткі. І ў іх застаецца прыбытак для матэрыяльнага заахвочвання работнікаў”.

Хаця ў той жа час дэвальвацыя можа прынесці шкоду банкаўскай сістэме. Калі Нацбанк панізіць курс беларускага рубля, долар пачне расці, і трымаць уклады ў нацыянальнай валюце стане нявыгадна. Таму насельніцтва пачне забіраць з банкаў дэпазіты ў рублях.

Можна, канечне, павялічыць працэнтныя стаўкі. Але тады падаражаюць крэдыты. Гэта не Еўропа, дзе давер да мясцовых грошай вялікі і людзі не думаюць, у якой валюце трымаць уклады.

Аднак ёсць яшчэ адна прычына, з-за якой улады баяцца зніжэння курса рубля. Пра гэта Еўрапейскаму радыё расказаў Аляксандр Чубрык:

“У нас жа ёсць план ураду па заробках. Давесці заробкі да 500-540 долараў да 2010 года. Гэта, можна сказаць, перадвыбарная платформа Лукашэнкі. Такім чынам, з гэтага пункту гледжання дэвальвацыя таксама шкодзіць”.

Відавочна, улады жадаюць захаваць стабільнасць не толькі ў валюце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі