Беларускаму кіраўніцтву далі адзін месяц на разважанні

Беларусі і Таджыкістану трэба ўнесці да 4 сакавіка ў антыкрызісны фонд 1,5 млрд долараў. 
“Выбіваючы” ў Расіі і ў Захаду крэдыты, так неабходныя для нашай
эканомікі, беларускі ўрад апынуўся ў сітуацыі, калі мусіць развітацца з
часткай гэтых сродкаў. Прынамсі, на нейкі час.

Нагадаем, нядаўна было абвешчана пра стварэнне кіраўнікамі краін “Еўразійскай эканамічнай супольнасці” (у яе ўваходзяць Беларусь, Расія, Казахстан, Кіргізстан і Таджыкістан, а ў якасці назіральніка - Арменія) антыкрызіснага фонду. Усе яго заснавальнікі цяпер мусяць унесці ў фонд значныя сумы. Вось што паведамілі Еўрарадыё у прэс-службе Міністэрства фінансаў Расіі:

“З 10 мільярдаў долараў на дадзены момант Расія ўнесла 7,5 млрд, Казахстан – 1 млрд, здаецца, кіргізы ўнеслі 1 мільён… Астатнім краінам, у тым ліку і Беларусі, дадзены адзін месяц на прыняццё рашэння”.

Паколькі Кіргізстан нядаўна зрабіў крок насустрач Маскве - вырашыў закрыць амерыканскую ваенную базу на сваёй тэрыторыі – яго ўнёсак можа і абмежавацца гэтай сімвалічнай сумай. Атрымліваецца, што на Беларусь і Таджыкістан прыпадае 1,5 млрд долараў, якія трэба ўнесці ў фонд. І слаба верыцца, што гэтая сума можа быць падзеленая пароўну. Таджыкістан зноў жа, з розных прычынаў, можа атрымаць палёгку, і тады перад беларусамі паўстане сур’ёзная праблема.

Дарэчы, механізм выплатаў з гэтага фонду яшчэ не адпрацаваны.