Вы тут

"Беларуска, якая вучыцца ў Маскве", арыгінальна расказала пра адукацыю ў РБ

Ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларуска, якая вучыцца ў Маскве, у інтэрв'ю расійскаму часопісу "Огонёк" арыгінальна расказала пра адукацыю на радзіме. Пры гэтым студэнтка МГУ схавалася пад псеўданімам "Алена Тышкевіч". Галоўнай тэмай гутаркі было вывучэнне ў беларускіх школах гісторыі. Беларуска лічыць, што школьнікі больш дэталёва вывучаюць польскую гісторыю, чым расійскую. І толькі ў Маскве яна даведалася пра выхадцаў з ВКЛ, якія пакінулі значны след у гісторыі Маскоўскай дзяржавы (Бельскія, Глінскія і г. д.).

"Розніца ў інтэрпрэтацыі гістарычных падзей і падборцы фактаў відавочная", — кажа "Алена Тышкевіч" пра беларускія і расійскія школьныя падручнікі. Паводле яе слоў, значная частка беларускіх навукоўцаў "даўно і трывала асацыіруе сябе з Еўропай, а не з Расіяй". І менавіта яны распрацоўваюць школьныя праграмы.

Студэнтка сцвярджае, што "Дудка Беларуская" Францішка Багушэвіча напісаная на... польскай мове. Яна распавяла расійскім чытачам пра тое, што такое "карта паляка", як беларусы яе атрымліваюць, як жывуць і вучацца ў Польшчы, пра дзейнасць у Беларусі палякаў, у тым ліку і праз каталіцкі касцёл. А вось падобнай дзейнасці "расійскіх фондаў" і праваслаўнай царквы ў Беларусі яна не заўважыла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.