Беларуска, якая пацярпела ў ДТЗ у Польшчы, можа застацца ў бальніцы надоўга

Беларуска, якая пацярпела ў ДТЗ у Польшчы, можа застацца ў бальніцы надоўга

Стан жанчыны, якая найбольш пацярпела падчас аварыі аўтобуса з беларускімі турыстамі раніцай 25 красавіка пад Лоддзю, нармалізаваўся. Раней яе верталётам даставілі ў варшаўскі шпіталь. Беларуска знаходзіцца ў свядомасці. Яе стан пасля аварыі выклікаў перасцярогу, але цяпер не самая горшая сітуацыя. Аднак працэс аднаўлення будзе доўгім. Пра гэта Еўрарадыё расказаў, прэс-сакратар Мазавецкага шпіталя на Брудне ў Варшаве Пётр Гaлашэўскі.

Таксама Гaлашэўскі дадаў, што на просьбу самой пацыенткі больш падрабязнай інфармацыі пра яе стан яны даць не могуць. Пры гэтым ён запэўніў, што жыццю жанчыны нічога не пагражае.

На пытанне Еўрарадыё, хто будзе аплачваць транспарціроўку верталётам, медычную дыягностыку і шпіталізацыю грамадзянкі Беларусі, Пётр Гaлашэўскі адказаў, што пакуль гэтае пытанне не разглядаецца. Па яго словах, цяпер галоўная задача — дапамагчы пацыентцы. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ўсе асабістыя рэчы жанчыны засталіся ў аўтобусе і пра гэта ўжо паінфармаваная паліцыя.

На дадзены момант у шпіталі не валодаюць інфармацыяй наконт таго, ці застрахаваная беларуска, ці не. Ёй аказваецца медычная дапамога, а да пытання аплаты лячэння вернуцца, калі сітуацыя цалкам праясніцца. У гэтым пытанні шпіталь будзе таксама кансультавацца з беларускай амбасадай. 

Як паведамляла Еўрарадыё, у аўтобусе вярталіся з экскурсіі ў Прагу жыхары Гродна, 43 чалавекі. Ён з’ехаў з аўтадарогі і перакуліўся, 20 чалавек былі шпіталізаваныя, большасць з гэтых людзей пазней выпісалі і яны ўжо вярнуліся на радзіму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі