Беларусі пагражае эпідэмія гепатыту А

Але сёння вакцынацыю супраць яго ў паліклініках можна зрабіць толькі платна. Праз год-два ў Беларусі чакаецца павелічэнне колькасці людзей, што маюць рызыку захварэць на гепатыт А.

Апошнія 10 год захворванні гэтым відам гепатыту былі адзінкавымі. І вырасла цэлае пакаленне, якое з ім не сутыкалася. Таму цяпер, прагназуючы павелічэнне колькасці хворых, Міністэрства аховы здароўя распрацоўвае праект імунізацыі насельніцтва. Але пакуль бясплатна засцерагчыся ад хваробы можа вельмі невялікі адсотак беларусаў. Пра гэта распавядае Ірына Глінская, загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

Глінская:
Атрымліваюць вакцынацыю дзеці, што паступаюць у школы, студэнты, якія жывуць у інтэрнатах, дарослыя, што працуюць на малакоперапрацоўчых прадпрыемствах і водаканале. Апроч гэтага прышчапляюцца людзі, што знаходзіліся ў кантакце з хворым на гепатыт А.

Асабліва небяспечны гепатыт А для моладзі ва ўзросце 18-29 гадоў – сярод іх успрымальныя да гэтай хваробы 70% чалавек. Звычайна яна ў моладзі праходзіць цяжэй і з адчувальнымі наступствамі.

Глінская:
Лячэнне гепатыту А ў стацыянары доўжыцца 3-4 тыдні. Дзеля таго каб выйсці з гэтага захворвання, мінімум як паўгады прыйдзецца трымацца даволі строгай дыеты. Але пэўныя ўскладненні на пячонку, жоўцевыводныя шляхі могуць быць. У такім разе чалавек будзе мець абмежаванні ў харчаванні на ўсё жыццё.

З пытаннем, якія яшчэ хваробы будуць пагражаць беларусам у найбліжэйшы час, Еўрарадыё
звярнулася да выканаўцы абавязкаў кіраўніка супрацьэпідэмічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены Улады Запольскай:

Запольская:
Эпідэміялагічная сітуацыя сёння спакойная. Мы добра перажылі ў гэтым годзе сезонны пад’ём па ўсіх кішэчных інфекцыях. Зараз рэгіструецца сезонны пад’ём па інтравірусных інфекцыях кшталту менінгітаў, інцэфалітаў, сальманелёзаў. Іх больш, чым у мінулым годзе, але працэс кантралюецца.

Што тычыцца сезонных хваробаў і прышчэпак ад іх, то, па словах супрацоўнікаў эпідэміялагічнага цэнтра, непакоіцца, напрыклад, аб прафілактыцы грыпу можна ўжо ў канцы верасня-на пачатку кастрычніку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі