Беларусаў, якія ехалі на Майдан, пратрымалі на мяжы 28 гадзінаў

6 снежня з Мінска ў Кіеў выехаў аўтобус з больш як 50 пасажырамі, якія збіраліся падтрымаць Еўрамайдан. На адлегласці 50 кіламетраў ад Мінска аўтобус спынілі супрацоўнікі міліцыі і канфіскавалі транспартны сродак. Аднак частка пасажыраў аўтаспынам дабралася да бліжэйшага прыпынку аўтобусу “Гомель-Чарнігаў”, у якім працягнула сваю вандроўку.



 

Гэты рэйсавы аўтобус быў затрыманы пры перасячэнні ўкраінскай мяжы ў пункце “Новыя Ярылавічы”. Там актывістаў прымусілі даць пісьмовае абавязанне аб няўдзеле ў Еўрамайдане. Апроч таго, каля сядзення аднаго з актывістаў знайшлі пакет з рэчывамі расліннага паходжання, імаверна з наркатычнымі ўласцівасцямі. Менавіта гэтая знаходка стала прычынай такога працяглага ўтрымання аўтобусу на мяжы.





Украінскія праваабаронцы звярнуліся ў Дзяржаўную памежную службу з запытам пра тое, ці сапраўды ў іх знаходзяцца беларусы і на якіх падставах. У ведамстве адказалі, што гэтыя людзі сапраўды ў іх, і на месцы працуе СБУ, але нікому не выстаўлялі абвінавачанняў.





У той самы час чатырох іншых пасажыраў канфіскаванага на тэрыторыі Беларусі аўтобусу, якія працягвалі вандроўку на машыне, таксама ўтрымлівалі на мяжы блізу 4-х гадзінаў, а пад Чарнігавам іх машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і пракалолі шыны, інфармуе суполка Еўрамайдан SOS у Facebook.