Беларусь яшчэ можа падпісаць прагрэсіўную дэкларацыю па абароне лесу

Ці далучыцца Беларусь да прагрэсіўнага дакумента па абароне лесу? Хутчэй за ўсё / pixabay
Ці далучыцца Беларусь да прагрэсіўнага дакумента па абароне лесу? Хутчэй за ўсё / pixabay

Беларусь можа далучыцца да дэкларацыі, у якой сусветныя лідары абяцаюць абараняць лясы.

Дакумент на кліматычным саміце ў Глазга падпісалі больш за сто краін, на долю якіх прыпадае 85% ляснога покрыва. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, якія падпісалі дэкларацыю, абяцаюць актывізаваць намаганні, каб спыніць высечку лясоў і паскорыць іх аднаўленне.

Беларусі сярод тых, хто падпісаўся пад дакументам, пакуль няма. Але, магчыма, наш подпіс пад ім яшчэ з'явіцца.

"Усё ідзе да таго, што дэкларацыя будзе падпісаная. Калі? Да таго, як нашы спецыялісты пакінуць канферэнцыю, гэта значыць да 9 лістапада", растлумачылі ў Міністэрстве прыроды.

Далучыцца да дэкларацыі ўжо пасля заканчэння канферэнцыі не атрымаецца, дадалі ў прэс-службе, так што пытанне трэба будзе вырашаць на месцы. Праблема толькі ў тым, што на канферэнцыі прысутнічаюць прадстаўнікі не ўсіх ведамстваў. А пытанні, якія закранае дэкларацыя, датычацца не толькі Мінпрыроды, але і Міністэрства лясной гаспадаркі, і Мінсельгасхарча.

"Нашым спецыялістам трэба правесці кансультацыі з калегамі і прыняць калегіяльнае рашэнне. Дэлегаваць такія паўнамоцтвы камусьці аднаму складана. Праблем ніякіх няма, але трэба правесці нараду. Нічога рэзкага ў тэксце дэкларацыі няма, але тым не менш лепш абмеркаваць яе з калегамі", — растлумачылі ў Міністэрстве прыроды.

Напярэдадні ў Міністэрстве лясной гаспадаркі растлумачылі, што для Беларусі нічога рэвалюцыйнага ў дэкларацыі няма.

"Да дэкларацыі далучыліся лідары краін, у якіх востра стаіць праблема высечкі лесу з мэтай арганізацыі на свабоднай тэрыторыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У нас сітуацыя адваротная: мы пераводзім землі з сельгаскарыстання ў склад ляснога фонду", — сказалі ў прэс-службе Міністэрства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі