Вы тут

Беларусь вырашыла "пламбаваць" фуры з Польшчы

Пасля пламбавання фур з Літвы Беларусь увяла пламбаванне і для Польшчы / pixabay.com

Тавары, якія ўвозяцца з Польшчы ў Беларусь аўтатранспартам, абавязкова павінныя мець спадарожнікавыя навігацыйныя пломбы. Адпаведная пастанова беларускага ўрада з'явілася 7 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пастанова набывае моц пасля апублікавання.

Раней беларускія ўлады зрабілі абавязковымі пломбы пры ўездзе з тэрыторыі Літвы (з 30 жніўня). Цяпер такая ж норма ўведзеная і на тавары, якія вязуць з Польшчы.

Пад гэтую норму не трапляюць грузы, якія ідуць транзітам праз Літву з Калінінграда ў Расію. Таксама пломбы не патрэбныя цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартнымх сродкам, праезд якіх прадугледжвае наяўнасць спецыяльнага дазволу.

Акрамя таго, кошт пламбавання вырас удвая — з 5 базавых велічыняў да 10 (з 145 рублёў да 290). 

Навігацыйная пломба — гэта прылада, якая дзейнічае з выкарыстаннем тэхналогіі навігацыйных спадарожнікавых сістэм і дазваляе ў рэжыме рэальнага часу назіраць за перамяшчэннем транспарту.

Усталёўваюць іх на машыны мытнікі або нацыянальны аператар (ТДА "Белнафтагаз") пры ўездзе ў Беларусь у пунктах пропуску.

Па звестках Мытнага камітэта за 2020 год, кожны дзень праз мытную мяжу з боку Польшчы і Літвы праязджала прыкладна 6,5 тысячы фур. Гэта значыць, што даход Беларусі ад увядзення пломбаў можа скласці 1,885 мільена рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.