Беларусь у топ-20 краін з найбольшай колькасцю падазроных ганаровых консулаў. Сярод іх — "кашалькі" Аляксандра Лукашэнкі і бізнесмены, якія зарабілі свае грошы на сувязях з яго рэжымам. Гэта вынікае з расследавання, якое правёў Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў (сярод іншых яго партнёраў над праектам працаваў і Беларускі расследавальніцкі цэнтр).
У выніковым спісе 551 дзейны і былы ганаровы консул, якія трапілі ў скандальныя гісторыі ці нават сталі фігурантамі крымінальных спраў. На практыцы яны нярэдка выкарыстоўваюць свой статус для асабістага ўзбагачэння, ўхілення ад праваахоўных органаў і прасоўвання палітычных планаў. У расследаванні згадваюцца такія дзеячы, як Аляксандр Шакуцін (ганаровы консул Бангладэш), Аляксандр Зайцаў (ганаровы консул Замбіі), Сяргей Цяцерын (ганаровы консул Грузіі) ды іншыя.