Накаут у першым раўндзе: беларус Сяргей Новікаў стаў чэмпіёнам па версіі WBC
Чэмпіёнскае званне па версіі Сусветнага баксёрскага савета (WBC) атрымаў беларус Сяргей Новікаў у прэстыжным паядынку ў Парамарыба (Сурынам). Наш суайчыннік, як перадае БЕЛТА, перамог у баі бразільца Гілберта Дамінгеса.
Паядынак праходзіў у вагавай катэгорыі 90,7 кг. У першым раўндзе беларус атрымаў перамогу тэхнічным накаўтам.
Для Новікава гэта ўжо другая перамога на прафесійным рынгу. Раней ён трэніраваўся ў мінскім клубе "Залатыя пальчаткі", уваходзіў у нацыянальную зборную па боксе. На чэмпіянаце Еўропы ў 2013 годзе ў Мінску Новікаў заваяваў бронзу ў вагавай катэгорыі 81 кг.
Цяпер спартовец перайшоў у прафесійны бокс, жыве і трэніруецца ў ЗША.