Беларусь рыхтуе другі вывазны рэйс мігрантаў у Ірак

На першым вывазным рэйсе з Беларусі ў Ірак вярнулася каля 430 мігрантаў / @WLLATMED​
На першым вывазным рэйсе з Беларусі ў Ірак вярнулася каля 430 мігрантаў / @WLLATMED​

У канцы лістапада можа адбыцца яшчэ адзін рэйс у Ірак, які верне дадому мігрантаў з беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы, заявіў у панядзелак Аляксандр Лукашэнка. Яго словы прыводзіць БЕЛТА.

Гаворка пра людзей, якія прыехалі ў Беларусь як турысты, а потым хацелі нелегальна перайсці мяжу і дабрацца да Германіі. Некалькі тысяч такіх "турыстаў" цяпер працягваюць заставацца на мяжы. Польшча і Літва іх не прапускае, а ўлады Германіі заявілі, што не маюць намеру іх прымаць.

Сітуацыю на мяжы ў панядзелак Лукашэнка абмяркоўваў з чыноўнікамі Гродзенскай вобласці.

"Мы пастараемся зрабіць усё, чаго захочуць гэтыя людзі, уцекачы. Іх жаданні — для нас закон. Хочуць вярнуцца ў Ірак, Сірыю — вы бачыце, мы арганізавалі рэйс. Яшчэ рэйс рыхтуем на канец месяца, калі набяром гэтых людзей", — сказаў Лукашэнка.  

Ён таксама распарадзіўся больш не пускаць на мяжу прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, калі яны не дапамагаюць мігрантам.

"Прыязджаюць за нос дзіцятка пачухаць. Чаго ты чухаеш яму гэты нос бруднымі рукамі? На камеру, натуральна", — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Лукашэнка.

Ён застаўся таксама незадаволены адсутнасцю рэакцыі з боку ЕС на свае прапановы вырашыць міграцыйны крызіс. Паводле яго словаў, ён прасіў канцлера Германіі Ангелу Меркель забраць мігрантаў, і тая нібыта абяцала, што "на ўзроўні Еўрасаюза разгледзяць гэтую праблему".

"Дык не разглядаюць нават" і "яны на кантакт нават не выходзяць", абурыўся Лукашэнка.

Раней крыніцы ва ўрадзе ФРГ ужо казалі, што падчас размовы Лукашэнкі з Меркель ніякіх дамоўленасцяў аб урэгуляванні крызісу з мігрантамі на польска-беларускай мяжы дасягнута не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі