Беларусь павялічыла пастаўкі рыбы ў Расію ў 15 разоў

Беларусь павялічыла пастаўкі рыбы ў Расію ў 15 разоў

Па выніках першага квартала 2017 года Беларусь рэзка павялічыла экспарт рыбы ў Расію. У параўнанні з першым кварталам 2016-га ён вырас у 15 разоў, піша расійскае выданне "Известия". Агулам, за першы квартал сёлета Беларусь экспартавала ў Расію столькі ж рыбы, як за ўвесь мінулы год. 

Як заяўляюць расійскія журналісты, Рассельгаснагляд не аднойчы лавіў беларускіх пастаўшчыкоў на рээкспарце садавіны і гародніны з краінаў Еўрасаюза, што забаронена цяперашнімі расійскімі законамі. Пастаўкі гэтых прадуктаў з Беларусі заўважна скараціліся, і нядобрасумленныя пастаўшчыкі пераарыентаваліся на рыбу.

Такім чынам, за першы квартал 2017 года Беларусь паставіла ў Расію 2,3 тыс. тон рыбы на 4,4 млн долараў. У I квартале 2016 года беларускі экспарт склаў толькі 156 тон на 339 тыс. долараў. А за ўвесь 2016 год экспарт рыбы з Беларусі ў Расію склаў 2,3 тыс. тон на 4,5 млн долараў.

Беларусь пастаўляе ў Расію пераважна марожаную рыбу. Паведамляецца, што выраслі пастаўкі скумбрыі, селядца і ласося. Напрыклад, у першым квартале 2017 Беларусь экспартавала 1,2 тыс. тон скумбрыі на 2,5 млн долараў. І гэта пры тым, што ў першым квартале мінулага года наша краіна ўвогуле не адпраўляла гэтую рыбу ў Расію. Пастаўкі селядца выраслі ў 10 разоў, ласося — у пяць. 

Акрамя таго, беларусы экспартуюць у Расію і больш экзатычныя прадукты — малюскаў, васьміногаў, каракаціцаў, кальмараў і вугроў. Праўда, аб'ёмы гэтых паставак нязначныя.

Расійскі бок адзначае, што на гэтым фоне павялічваюцца пастаўкі рыбы ў Беларусь з краін Еўрасаюза, Нарвегіі ды Ісландыі. Аднак спыніць гэты рээкспарт за парушэнне закону Рассельгаснагляд не можа. "Пастаўка на расійскі рынак беларускай прадукцыі ў выпадку яе перапрацоўкі абсалютна законная. Беларускія пастаўшчыкі часта проста пераўпакоўваюць тавар", — патлумачыла прэс-сакратар расійскага ведамства Юлія Мелана.

Аднак некалькі прадпрыемстваў усё ж трапілі пад расійскія санкцыі за пастаўкі няякаснай або шкоднай прадукцыі. У Расію забаронены ўвоз прадукцыі з прадпрыемстваў ТАА "Камчацкая рыба" (Гродзенская вобласць), ТАА "Ружовы кіт" (Мінская вобласць) і ЗАТ "Мера Голд" (Гомельская вобласць).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі