Беларусь — дадатковы фактар рызыкі для Балтыйскага рэгіёну — МЗС Літвы

Спроба "пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту" / delfi.lt
Спроба "пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту" / delfi.lt

МЗС Літвы пракаментавала намер Расіі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. У Вільні разглядаюць яго, як "чарговую спробу двух непрадказальных дыктатарскіх рэжымаў пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту".

"Гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі, накіраваныя на тое, каб выклікаць чарговую хвалю напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе, — гаворыцца ў заяве. — Такія дзеянні яшчэ больш уцягваюць Беларусь у вайну з Украінай і ў канфрантацыю з дэмакратычным светам. Беларусь, якая ўсё больш пазбаўляецца суверэнітэту, падтрымлівае расійскую агрэсію і садзейнічае ёй, усё больш інтэгруецца ў расійскія вайсковыя планы ў якасці дадатковага фактару рызыкі для Балтыйскага рэгіёну".

Літва збіраецца абмеркаваць са сваімі еўраатлантычнымі партнёрамі, "як рэагаваць на гэтыя мілітарысцкія планы расійскага і беларускага рэжымаў". Ужо цяпер у МЗС Літвы заявілі, што будуць заклікаць да ўвядзення новых санкцый.

Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі РБ не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі. Беларускія дэмсілы лічаць, што наша краіна апынецца пад ударам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі