Святлана Ціханоўская пракаментавала рашэнне Расіі размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. "Лукашэнка і да гэтага ўцягваў Беларусь у вайну крок за крокам, — піша палітык. — Цяпер праз яго ў Беларусі будзе не проста стратэгічны ваенны абʼект чужой краіны. Цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару. Гэта прамая пагроза жыццю і бяспецы больш за 9 мільёнаў чалавек. Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небяспеку для ўсяго народа Беларусі... Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігоддзі назад".
"Пуцін сцвярджае, то ядзерныя боепрыпасы ў Беларусі будуць пад ягоным поўным кантролем, — кажа ў сваім відэазвароце кіраўнік Дэпартамента нацбяспекі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Валерый Сахашчык. — Гэта значыць, што расійскія войскі могуць нанесці ядзерны ўдар з нашай тэрыторыі і зрабіць нас закладнікамі адплаты, якая прыйдзе за гэтым ударам... Ва ўсіх нас засталося не так шмат часу, каб прыняць правільнае рашэнне. Будаўніцтва сховішча для ядзернай зброі... скончаць да 1 ліпеня. Пасля гэтага будзе ўжо позна".
У Кіеве заявілі, што Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі. МЗС Украіны заклікала беларусаў не дапусціць размяшчэння расійскай ядзернай зброі. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль назваў планы Масквы "пагрозай бяспекі Еўропы".