Беларус Андрэй Кунец выйграў дзіцячы конкурс на “Славянскім базары”

Гран-пры V Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2007" у памеры 5 тысяч долараў заваяваў удзельнік з Беларусі Андрэй Кунец. Дагэтуль самай высокай узнагародай у калекцыі 11-гадовага мазыраніна была другая прэмія міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2006" у Бухарэсце. Першую прэмію ў 3 тысячы долараў павязе ў Грузію 11-гадовы Атар Андрыядзэ.

Другую прэмію, што складае 2 тысячы долараў, падзеляць папалам 11-гадовы Эрнест Дзерабін з Украіны і дзевяцігадовая Арына Дароніна з Расіі.

Трэцюю прэмію ў 1 тысячу долараў журы прысудзіла 11-гадовай выканаўцы Кікі з Босніі і Герцагавіны.

Апрача таго, былі заснаваны спецыяльныя ўзнагароды. Літовец Ноюс Барташка атрымаў прыз журы. Самы маленькі канкурсант, сямігадовы Кылышбек Жаксыбекаў з Казахстана, узнагароджаны дыпломам Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў (FIDOF).
Усяго ў конкурсе бралі ўдзел 22 вакалісты з 19 краін.

Упершыню за пяцігадовую гісторыю дзіцячага конкурсу цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы "Славянскага базару ў Віцебску" - у Летнім амфітэатры.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі