The Beatles Shabli можна будзе агледзець з вышыні птушынага палёту

Наведвальнікаў The Beatles Shabli будуць катаць на вялікім паветраным шары, які запусціць кампанія "Аэратур Балунз". Ён будзе стартаваць з самай высокай кропкі оўпэн-эйра ― каля аўтапаркоўкі ― і адкрые жадаючым неверагодныя краявіды.


“Цягам цэлага дня сапраўдны вялікі паветраны шар будзе ўздымаць наведвальнікаў на вышыню птушынага палёту, каб паглядзець на ўвесь фестываль разам ды на узгорыстыя краявіды вакол хутара Шаблі, ― распавядаюць арганізатары фэсту Ян Бусел ды Зміцер Шаўчук. ― І плюс — ніхто не згубіцца, пакуль будзе ехаць на фэст. Шарык будзе сапраўдным маяком, бо відаць яго здалёк”.


Шар разлічаны на чатырох чалавек і абсталяваны ўсім неабходным, каб паднімацца з дзецьмі. Арганізатары адзначаюць, што гэта будзе адзіная платная забава на тэрыторыі The Beatles Shabli, але з “некарпаратыўнымі”, даступнымі для ўсіх коштамі!


Працаваць атракцыён пачне разам з усімі іншымі зонамі ― у 12:00. Канцэртная ж праграма стартуе ў 15:00.


The Beatles Shabli пройдзе 1 чэрвеня на хутары “Шаблі” і стане першым беларускім фэстам лета. Яго хэдлайнерамі будуць дзявочая ліверпульская чацвёрка The Beatelles, аўтэнтычна апранутыя сербы Bestbeat і расійскія баяністы Puttin' On The Beatles Style. Таксама ў лайн-апе мерапрыемства заяўленыя беларусы: джаз-кварцет Канстанціна Валковіча Real Jazz Band, Artefact, The Apples і DJ Ezhaka.


Квіткі на The Beatles Shabli прадаюцца ў ГЦ “Купалаўскі” (пав. 19), ГЦ “Рыга” (пав. 18), а таксама ў білетных аператараў kvitki.by і ticketpro.by. У траўні яшчэ можна набыць квіткі па 160 тысяч, у дзень фестывалю яны будуць каштаваць ужо 200 000.


Як даехаць самастойна ды іншую інфармацыю можна знайсці на сайце фестывалю.


Даведкі па тэлефоне: +375 29 1408000.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі