Вы тут

Баялася, але пабегла. 71-гадовая Любоў Галеева, якая скарыла паўмарафон

Фота з сацыяльных сетак

"Нават цяпер стаіць перад вачыма карцінка. Я такая шчаслівая, што там пабывала! Даўно не бачыла такога свята. Столькі выйшла людзей! І мы паўдзельнічалі ў забегу", — распавядае Еўрарадыё Любоў Галеева з Мар’інай Горкі. Любові Іванаўне 71 год. Здароўе — як у большасці людзей у такім узросце: стэнакардыя, астма... Але 9 верасня яна дужа здзівіла сваякоў, атрымаўшы бронзавы медаль Мінскага паўмарафону.

"Прыехала да бабулі на выхадныя ў Мар'іну Горку з цвёрдым намерам нічога не рабіць. Прачнулася амаль апоўдні, а за гэты час мая бабуля Любоў Галеева зматалася ў Мінск, нікому нічога не сказаўшы, і прабегла на паўмарафоне дыстанцыю ў 5,5 км за 1,08, — распавядае ў “Фэйсбуку” Ганна Ялфімава, унучка Любові Галеевай. — П'ю валяр'янку, ёй 70 з лішкам гадоў, у яе астма. Я, вядома, разумею, што яна рэгулярна займаецца, але пайсці паўдзельнічаць у масавым забегу — гэта проста неверагодна!"

Любоў Галеева і яе мар'інагорскія сяброўкі на Мінскім паўмарафоне

Любоў Галеева разам з чатырма сяброўкамі прайшла Мінскі паўмарафон на скандынаўскіх палках. 5 гадоў таму жанчына, філолаг па адукацыі і супрацоўніца Пухавіцкага краязнаўчага музея, выйшла на пенсію і вырашыла, што цяпер — толькі спевы і спорт. Таму падалася спяваць у народны хор у мясцовым Палацы культуры, запісалася ў школу баявых мастацтваў “Нят-Нам” (старажытная баявая і аздараўляльная сістэма, у аснове якой ляжаць дыхальныя практыкаванні) і занялася скандынаўскай хадой:

"Са спортам я сябрую ўсё жыццё: у школе наведвала секцыі акрабатыкі, гімнастыкі, бегу, гуляла ў тэніс і бадмінтон... Быў перапынак у актыўных занятках, пакуль працавала. А на пенсіі вырашыла вярнуцца ў спорт. У мяне бранхіальная астма, стэнакардыя, таму з радасцю хаджу на “Нят-Нам”, дзе ўсе практыкаванні робяцца на дыханні. Калі б не гэты досвед, я б у жыцці не прайшла 5,5 км. А так у мяне не было нават адышкі пасля дыстанцыі, і я атрымала медаль. Я карыстаюся інгалятарамі, у мяне бываюць прыступы, але спорт мне дапамагае жыць".

Па словах Любові Іванаўны, у паўмарафоне яна ўдзельнічала ўпершыню. Але спачатку мусіла "прарэпетаваць" дыстанцыю, бо было страшнавата.

"Пакуль не прайшла 5,5 км на стадыёне, баялася. Мы ўсе займаліся з трэнерам. Навучыліся правільна хадзіць на палках. А потым наша трэнер нас зарэгістравала, вось мы і паехалі", — кажа Любоў Галеева.

Любоў Галеева ў школе “Нят-Нам”

Любоў Іванаўна прыехала ў Беларусь у 1992 годзе. Дагэтуль разам з сям'ёй жыла на далёкай і халоднай Чукотцы — муж быў лётчыкам. У Беларусь прыязджалі адпачываць да сяброў мужа, тут і засталіся — спадабалася. Хаця, прызнаецца, па Чукотцы сумуе.

Як і ў большасці пенсіянераў, ля дома Любові Галеевай ёсць агарод. Але парнікі і восем сотак зямлі не перашкаджаюць жанчыне кожны дзень браць у рукі палкі і ісці. У кастрычніку яна едзе ў Гродна на спаборніцтва па скандынаўскай хадзе.