Вы тут

Баскетбалістка Сныціна: не хачу прадстаўляць Беларусь, калі мой народ пакутуе

Кацярына Сныціна / instagram.com/snytsina

Капітан нацыянальнай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна заявіла, што завяршае кар'еру ў галоўнай камандзе краіны. "Гэта абдуманае і адназначнае рашэнне,цытуе яе заяву TUT.by. — Я не хачу больш прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў той час, як мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей беспакарана забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах".

Сныціна падкрэслівае, што "колькі б чыноўнікі ні сцвярджалі, што спорт па-за палітыкай, менавіта ў нашай краіне спорт — гэта прапаганда рэжыму", і яна не хоча "быць яе часткай".

Баскетбалістка лічыць, што нашмат больш карысці прынясе грамадству "сваімі асабістымі праектамі ці сумеснымі ініцыятывамі з SOS.BY". Сныціна заявіла, што са зборнай развіталася назаўжды, яна не хоча за яе выступаць і ў "свабоднай новай Беларусі".

"2020 год змяніў мяне, як і многіх беларусаў, як чалавека і грамадзяніна, — піша спартсменка. — Мне стала важна, каб людзі вакол мяне... падзялялі мае каштоўнасці і жыццёвую пазіцыю. У [зборнай] я зразумела, што такой падтрымкі... ў мяне няма".

Кацярыне Сныцінай 35 гадоў. Яна — бронзавая прызёрка Еўра-2007 у складзе фантастычнай беларускай зборнай. З удзелам Сныцінай зборная Беларусі нядаўна прабілася на чэмпіянат Еўропы.

На відэа — нядаўні эфір на Еўрарадыё з Кацярынай Сныцінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.