Банкір Бабарыка: Магчыма, ПВТ вырабляе ІТ-бульбу, ІТ-мяса, ІТ-малако...
Старшыня праўлення "Белгапрамбанку" Віктар Бабарыка ў сваім акаўнце на фэйсбуку высмеяў артыкул у газеце "Советская Белоруссия", прысвечаны Парку высокіх тэхналогіяў.
Банкір звярнуў увагу на тое, што ў артыкуле "Дапоўненая рэальнасць" гаворыцца, быццам прыбытак ПВТ за мінулы год перавысіў 1 мільярд долараў. Далей у гэтым жа тэксце паведамляецца, што рэзідэнты ПВТ за мінулы год зрабілі праграмнага прадукту больш, чым на 1 мільярд долараў.
З гэтай нагоды Бабарыка пытаецца: "Як можна вырабіць праграмнага прадукту на 1 млрд, як мінімум — выплаціць заробак і атрымаць прыбытак, які перавышае 1 млрд?"
Далей ён прапануе варыянты адказу:
"1. Самы лепшы — памылка друку. Тады буду чакаць карэкціроўкі, але баюся — не дачакаюся. Аўтар не ўваходзіць у мае ФБ сябры, а газета дакладна не заўважыць асабістага паста ў стужцы.
2. Прытрымліваючыся назвы артыкула — гэта ўсё адбываецца ў дапоўненай рэальнасці, у якую я яшчэ не пагрузіўся, а значыць, пайду працаваць над сабой.
3. У ПВТ ёсць схаваныя ад шырокай грамадскасці вырабленыя тавары (напрыклад, ІТ-бульба, ІТ-мяса, ІТ-малако ці нешта яшчэ акрамя праграмнага прадукту), якія даюць неверагодную рэнтабельнасць, якая дазваляе атрымліваць мільярдны прыбытак. Тады выдыхну і пайду іх шукаць на прылаўках магазінаў.
4. Можа, гэта розны долар. Я ўжо пісаў, што прыбытак напісаны словам мільярд і асобна "Долараў" з вялікай літары, а ўвесь аб'ём вырабленага праграмнага прадукту — лічбай 1 млрд долараў з маленькай. Варыянт адказу мне падабаецца, але не ведаю, чым яны адрозніваюцца (акрамя напісання) і які з двух долараў лепшы.
5. Ніякіх выдаткаў у кампаній ПВТ наогул няма — заробкі ўсе вяртаюцца, усе вытворчыя магутнасці набываюцца за кошт супрацоўнікаў, а ўзніклыя выдаткі імі ж пакрываюцца за кошт чагосьці, мне невядомага. Тады гэта сапраўды наша светлая будучыня, і я нарэшце дажыў да новай супольнасці людзей — ІТ-чалавек. Бескарыслівы і які прыплачвае за права жыць і працаваць у ІТ-краіне. Тады сарамліва змаўкаю, бо грэшны — заробак атрымліваю і выдаткі арганізацыі не кампенсую :(((. Але ёсць маякі — буду трымаць арыенцір".