Балгарскіх медсясцёр ратавалі спецслужбы з 20 краін

Сакрэтныя службы з 20 краін бралі ўдзел у вызваленні шасці балгарскіх медыкаў, асуджаных лівійскім судом да пажыццёвага зняволення за заражэнне дзяцей віч-інфекцыяй.
Пра гэта паведаміла нацыянальная служба бяспекі Балгарыі. Балгары адзначылі ізраільскі “Масад”, брытанскую МІ-6, спецслужбы Палестынскай аўтаноміі, Егіпта, Алжыра, Марока, Італіі, якія “падавалі інфармацыю і ўплывалі на Лівію”.

Вялікую ролю сыгралі візіты Тоні Блэра, еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднер і жонкі прэзідэнта Францыі Сэсілі Сарказі ў Лівію, а таксама пасярэдніцтва сына Муамара Кадафі.

Адзін з кіраўнікоў балгарскіх спецслужбаў прызнаўся, што лёсы пяці медсясцёр і палестынскага доктара былі “пылінкаю ў воку вялізнага ўрагану, у якім змяшаліся гіганцкія бізнесы, такія, як гандаль зброяй і нафтаю”.

Нагадаю, што прэзідэнт Балгарыі Георгій Прванаў падпісаў указ аб памілаванні медыкаў, а палестынскаму доктару надаў балгарскае грамадзянства.

EUbusiness.com