Бацькі Мурада Амрыева просяць улады Беларусі не выдаваць яго Расіі

Бацькі Мурада Амрыева просяць улады Беларусі не выдаваць яго Расіі

Бацькі Мурада Амрыева (яны жывуць у Чачні) просяць улады Беларусі не выдаваць яго Расіі. Яны запісалі відэазварот, у якім заявілі, што іх сыну пагражае смяротная небяспека, паколькі ў Чачні паліцыянты аб’явілі кроўную помсту. “Ён ні ў чым не вінаваты, не парушаў закон, проста з ім хочуць звесці асабістыя рахункі”, — кажуць яны.

Чэмпіёна свету па ММА ўначы 7 чэрвеня затрымалі беларускія памежнікі на мяжы з Украінай. Чачэнец знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, у Расійскай Федэрацыі яго падазраюць у выкарыстанні падробленага пашпарту (праваабаронцы сцвярджаюць, што ў пашпарце была абдрукоўка, якую зрабілі работнікі пашпартнага стала). Памежнікі перадалі затрыманага ў Добрушскі РАУС. Чакаецца, што ўвечары 8 чэрвеня ці раніцай 9 чэрвеня Мурада Амрыева экстрадуюць у Расію, перададуць расійскім праваахоўнікам на мяжы з Бранскай вобласцю.

Як піша “Новая газета”, супрацоўнікі чачэнскай паліцыі шмат гадоў пераследуюць сям’ю Амрыевых, аб’явілі ім кроўную помсту. У 2013 годзе Мурада затрымлівалі ў якасці закладніка і катавалі ў аддзеле паліцыі ў Грозным. Паліцыянты патрабавалі, каб з Германіі вярнуўся яго старэйшы брат, якога падазраюць у замаху на начальніка паліцыі чачэнскай сталіцы. Мурад Амрыеў з’ехаў з Расіі, жыў ва Украіне. Нядаўна ён вярнуўся ў Расію, каб абнавіць дакументы. У Бранску Амрыева затрымалі на 48 гадзін. З Грознага выехала група захопу, але калі яна прыехала, яго ўжо адпусцілі. Чачэнец паспеў выехаць у Беларусь, дзе і быў затрыманы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі