Бацькі дзяцей да 3 гадоў будуць плаціць за садок 19 мільёнаў?

Нечаканасць першая: бацькам дзяцей да 3-х гадоў камісія па аналізе адукацыі пад кіраўніцтвам Анатоля Тозіка прапануе плаціць за садок 19 мільёнаў у год на адно дзіця. Столькі, па падліках чыноўнікаў, на дашкалят траціць бюджэт, публікуе “Мінск-навіны” прапановы камісіі. Раскашэліцца давядзецца і бацькам тых дзяцей, каму ўжо споўнілася 6 гадоў, а яны застаюцца ў садку.

Але колькі будуць у выніку плаціць бацькі, у Міністэрстве адукацыі яшчэ не вызначыліся.

“Суму будуць пралічваць мясцовыя аддзелы адукацыі, у залежнасці ад катэгорыі выхавацеляў”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі. І агучваюць прыкладную лічбу: больш за 2 мільёны на месяц.

Яшчэ сюрпрыз ад камісіі Тозіка: калі дзіця 30 дзён не ходзіць без паважлівай прычыны ў садок — будуць адлічаць. З важнасцю прычыны чыноўнікі таксама яшчэ не вызначыліся. Разбірацца будуць загадчыкі садкоў.

“Гэтая норма і так ёсць у Кодэксе аб адукацыі. Але шэраг важных прычын не акрэслены. Гэта вызначаюць загадчыцы садка”, — кансультуюць у Міністэрстве адукацыі.

Кожны шосты садок у краіне перапоўнены на 30-40%. У садок ходзяць 75% усіх дашкалят у Беларусі. У Мінадукацыі Еўрарадыё запэўніваюць, што дашкольнай адукацыяй “забяспечаныя ўсе!”

Камісія пад кіраўніцтвам Тозіка прапануе караць чыноўнікаў за “загрузку” настаўнікаў. У Адміністрацыйны кодэкс хочуць унесці адказнасць для кіраўнікоў гарвыканкамаў і райвыканкамаў, калі тыя навязваюць школе збор макулатуры ды іншую пазабюджэтную дзейнасць. Але і тут чыноўнікі не тлумачаць, як будзе дзейнічаць новаўвядзенне.

Як спыніць залішнюю працу настаўнікаў, не казалі дакладна. Можна так: ёсць на сайце Мінадукацыі шэраг дакументаў, якія мусіць запаўняць настаўнік, іншыя — не трэба. Але як уплываць на адміністрацыю, пакуль не агаворвалася”, — расказвае настаўніца — удзельніца групы.

І дадае, што на сёння настаўнік можа паскардзіцца на залішнюю працу толькі калі вельмі смелы, большасць не скардзіцца.

“Фармальна настаўнік можа адмовіцца ад такой працы, але гэта сапсуе адносіны з адміністрацыяй”, — удакладняе настаўнік са школы Магілёўскага раёна Аляксей.

Ён сапсаваў стасункі з адміністрацыяй школы, калі адмовіўся набываць абавязковую падпіску на газеты.

Браць у дзясяты клас з сярэднім балам, не ніжэйшым за 6, — яшчэ адзін сюрпрыз ад камісіі.

“Не ніжэйшы за 6, бо праграма ў 10-11 класах — гэта праграма, неабходная для паступлення. Каб яе засвоіць, трэба ведаць прадметы”, — адказвае настаўніца — удзельніца групы па аналізе адукацыі.

Не зразумела толькі, адкуль набяруць студэнтаў педагагічныя ўніверсітэты, куды сёлета паступалі з баламі, ніжэйшымі за 6 па профільных прадметах.

Фота: arscity.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі