Бацькі бяруць крэдыт пад 34%, каб лячыць сына ў Кітаі. У Беларусі адмовілі
У двухгадовага Дзімы - эпілептычны сіндром. Хваробу хлопчык атрымаў падчас родаў, але зараз медыкі кажуць, што ў Беларусі малому лячэння няма.
Дзіме Рагажынскаму цяпер амаль два гады. У дзіцяці эпілептычны сіндром, хлопчык трывае страшныя сутаргі, а ад яго лячэння ў Беларусі адмаўляюцца: кажуць, што дзіця вельмі цяжкае. Хоць да нараджэння бацькі Дзімы, Яўгенія і Мікалай, і ў страшным сне не маглі ўявіць, што здарыцца бяда.
“Дзіця чакалі з мужам і вельмі моцна, вельмі радаваліся, калі я зацяжарыла. Уся цяжарнасць добра праходзіла, аналізы і ўльтрагукавое даследаванне паказвалі, што з немаўлём ўсё добра”, — расказвае Еўрарадыё маці хлопчыка Жэня.
У радзільні нечакана жанчыну пачалі стымуляваць таблеткамі, каб яна хутчэй нарадзіла.
“Ад болю я траціла прытомнасць, і мне ўкалолі абязбольваючае. Я прачнулася ад ляманту — маё дзіця не дыхае, і калі я не нараджу, дзіця загіне. Ад абязбольваючага я не адчувала схватак, і медыкі наваліліся на мяне, каб выціснуць дзіця з жывата”, — Жэня кажа, што не пачула, як крычыць немаўля, але яе супакоілі: паспі, ўсё будзе добра.
Добра не стала ні заўтра, ні пасля. Дзіця зноў перастала дыхаць і немаўля перавялі ў рэанімацыю, дзе хлопчыку штучна вентылявалі лёгкія восем дзён.
Першыя некалькі месяцаў жыцця Дзіма разам з маці не вылазілі з медцэнтраў, дзе дзіцяці, якое цярпела страшныя сутаргі давалі просты супрацьсутаржны прэпарат.
“Мне падаецца, дактары проста баяліся нарабіць шкоды майму дзіцяці. Ад нас адмаўляліся ва ўсіх цэнтрах, казалі, што дзіця вельмі цяжкае”, — мяркуе Жэня.
Неўзабаве маленькаму Дзіме, які не мог глытаць і есці, прапанавалі ўставіць трубачку ў страўнік і гэтак карміць да канца жыцця. Дзіма схуднеў, пастаянна лячыўся ад пнеўманіі і бранхіту. Ад адчаю маці хлопчыка амаль пагадзілася на трубачку, але выпадкова наткнулася на клініку ў Кітаі. Сабраўшы грошы на лячэнне, 13 тысяч долараў за адзін раз, жанчына паехала ў Паднябесную. Жанчына пабывала там двойчы і пасля гэтага Дзіма пачаў глытаць і есць сам, глядзець мульцікі і нават спрабаваць пераварочвацца.
“Нас назіраюць у Беларусі, робяць здымкі мозгу і кажуць, што адбыўся цуд. Але я думаю, што гэта не цуд, гэта вынік тэрапіі ў Кітаі”, — тлумачыць Жэня. Жанчына кажа, што на два курсы тэрапіі за мяжой забралі ўсе грошы ў родных і знаёмых, і цяпер яна разлічвае толькі на неабыякавых людзей.
“Нас чакаюць у Кітаі ў жніўні, а грошай сабраць трэба яшчэ многа. Калі не атрымаецца, буду браць крэдыт”, — кажа Жэня.
Крэдыт на медпаслугі ў “Беларусбанку” сапраўды даюць — пад 11,75% гадавых. Але дадуць яго толькі на лячэнне… ў Беларусі. Каб лячыцца за мяжой, трэба браць просты спажывецкі крэдыт пад 34% гадавых на пяць гадоў — гэта самыя маленькія працэнты.
“Сума выплаты першы месяц складзе — 4,5 мільёна рублёў”, — кансультуюць у Беларусбанку.
Цяпер сям’я жыве на заробак мужа Мікалая, аператара на запраўцы, дапамогу родных і сваякоў і выплаты дзяржавы на дзіця. Жэня кажа, што яны спрабуюць самі вучыцца методыкам масажу, каб неяк скараціць выдаткі на лячэнне сына.
“Гэта 2 мільёны за інваліднасць і дапамога на дзіця да трох гадоў. Але я б не хацела гэтых грошай, калі б толькі Дзіма быў здаровы. Мы стараемся, каб ў Дзімы была садавіна, многа выдаткоўваем на лекі, таму стараемся сябе абмяжоўваць”, — бачна, што Жэня не збіраецца апускаць рукі і галоўнае для яе — здароўе сына.
Кантактныя тэлефоны сям'і Рагажынскіх можна паглядзець на іх сайце.