Аўтагол прынёс БАТЭ перамогу ў Бабруйску над "Белшынай" (фота)

У сераду прайшлі матчы 13-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. У адным з цэнтральных матчаў тура сустракаліся "Мінск" і мінскае "Дынама". Перамаглі дынамаўцы з лікам 2:0. Абодва галы запісаў на свой рахунак Антон Пуціла (на 43-й і 89-й хвілінах).  Барысаўскі БАТЭ здабыў важную перамогу ў Бабруйску над мясцовай "Белшынай" — 1:0. Прычым, гасцям не давялося забіваць — ужо на пачатку гульні бабруйчане "арганізавалі" аўтагол у свае вароты. На 6-й хвіліне гэта зрабіў Юрый Дручык. "Белшына" рабіла вялікія намаганні, каб зраўняць лік, але забіць у вароты БАТЭ гаспадарам поля няўдалося. Адзначым, што пасля 13-ці тураў БАТЭ не прапусціў у свае вароты ніводнага гола!

Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Сушчэўскі, падчас матчу "Белшына" — БАТЭ на стадыёне праходзіла акцыя "Садавіна — дзецям". Кожны жадаючы мог прынесці садавіну для перадачы яе дзецям-сіротам. Пасля матчу сабраныя падарункі ў дзіцячы дом завезлі футбалісты "Белшыны". Сярод тых, хто вырашыў паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, было надзіва шмат фанатаў.

Як паведамляе "Прессбол", жодзінскае "Тарпеда" саступіла на сваім полі брэскаму "Дынама" — 0:1 (на 79-й хвіліне вызначыўся Мікалай Януш), а сталічны "Партызан" прайграў салігорскаму "Шахцёру" — 0:2 (Дзмітрый Камароўскі, 40, Іван Дзенісевіч, 79). Наваполацкі "Нафтан" і "Віцебск" згулялі ўнічыю 0:0. Гродзенскі "Нёман" прайграў на сваім полі магілёўскаму "Дняпру" — 1:2.

Такім чынам, у БАТЭ цяпер 31 ачко, у мінскага "Дынама" — 26, па 23 ачкі засталося ў "Мінска" і "Белшыны". "Шахцёр" мае 21 ачко і займае пятае месца.

Наступны, 14-ы тур, пройдзе 13 чэрвеня. БАТЭ будзе прымаць на сваім полі "Мінск".


Фотарэпартаж з матчу "Белшына" — БАТЭ





Фота — Алесь Сушчэўскі, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі