Вы тут

Асуджаныя хакеісты маладзёжнай каманды "Юнацтва", якіх злавілі з гашышам

Ілюстрацыйнае фота / ria.ru

Асуджаныя хакеісты маладзёжнай каманды мінскага "Юнацтва", якіх у красавіку сёлета міліцыянеры злавілі з гашышам. Пра гэтае здарэнне паведаміла сталічная міліцыя, якая не адзначыла, што гаворка ідзе не пра гульцоў галоўнай каманды. І Міхаілу Захараву пасля давялося неаднаразова гэта тлумачыць. Вясной нарад міліцыі ў раёне праспекта Пераможцаў у Мінску затрымаў двух маладых людзей, якія нешта хавалі па кішэнях. Высветлілася, што гэта былі наркотыкі. Былі распачатыя крымінальныя справы. Сілавікі меркавалі, што да распаўсюду наркотыка маюць дачыненне яшчэ два хакеісты, не выключалі існавання схемы распаўсюду наркотыкаў у камандзе. Відаць, усё абмежавалася судом над двума спартсменамі.

Як інфармуе прэс-служба Вярхоўнага суда, крымінальныя справы разглядаў суд Цэнтральнага раёна сталіцы. Хакеістаў прызналі вінаватымі ў незаконных без мэты збыту набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў. Сваю віну яны прызналі цалкам. Хлопцы атрымалі 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

У судзе было агучана, што 18-гадовы хакеіст купіў больш за 0,4855 граму гашышу. Ён яго неаднаразова ўжываў, а тое, што засталося, вазіў з сабой і па Мінску, і па Беларусі. 19-гадовы хакеіст купіў больш за 0,7222 грама наркотыка, які таксама яго ўжываў і вазіў з сабой.