Арышт, псіхушка, уцёкі. Гісторыя Машы, якая прыйшла да Вечнага агню з БЧБ-сцягам

Марыя Каванцава / архіў
Марыя Каванцава / архіў

"Калі б у мяне была магчымасць звярнуцца да Пуціна і Лукашэнкі, я б ім сказала: "Хлопцы, піце таблеткі", — рэфлексуе над падзеямі, што адбываюцца ў свеце, суразмоўніца Еўрарадыё Марыя Каванцава. Як і многім беларусам, якія хаваюцца ад палітычных пераследаў, дзяўчыне давялося ўцякаць з краіны. За "цынічнае пазіраванне" ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску і выкладзенае фота ў тыктоку ёй пагражала два гады "хіміі".

Чаму першая спроба ўцёкаў сарвалася і "ўжо лепш сядзець у турме"? Як собіла заляцець спачатку ў Навінкі, а пазней (па дарозе да сяброў з тэрабароны Кіева) у псіхушку ў Польшчы? Якімі добрымі бываюць следчыя, жорсткімі — санітаркі і мяккімі матрацы на Акрэсціна? Пры чым да ўсёй гэтай гісторыі былая жонка артыста Вадзіма Галыгіна?

Пра свае неймаверныя прыгоды расказвае Маша з ноткай іроніі. Але знаёмімся мы з ёй пасля таго, як яна піша ў фэйсбуку адчайны пост з просьбай пра дапамогу. Без сяброў, працы і грошай дзяўчына апынулася ў чужым асяроддзі, што ледзь не стала прычынай вяртання на радзіму.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Цынічнае пазіраванне" ля Вечнага агню / УУС Мінгарвыканкама​​

Ад кавера на "Тату" да Акрэсціна

У 2020-м я запісала кавер на песню "Нас не догонят" гурта "Тату" і разам са знаёмымі пачала здымаць кліп, прысвечаны хвалі пратэстаў у Беларусі. Мы не тое што хацелі гучна заявіць пра сваю палітычную пазіцыю, хутчэй — зняць відэа пра тое, што адбываецца вакол. Здымалі ў сімвалічных для беларусаў месцах у Мінску і за горадам. Натуральна, з БЧБ-сцягам. Рабілі прыгожую карцінку. Першапачаткова ў камандзе было шмат людзей, у тым ліку даволі вядомых, але потым хтосьці перадумаў, а аператар захварэў на "карону". Кліп так і не выйшаў, як выявілася, і дзякуй богу.

25 сакавіка 2021 года, у Дзень Волі, я сядзела на працы і гартала інстаграм. Многія выкладвалі гісторыі, прысвечаныя выбарам 2020-га: розныя ўспаміны, фота і відэа. Я раптам успомніла, што наш кліп не выйшаў, але засталіся некаторыя фатаграфіі са мной з БЧБ-сцягам ля Вечнага агню. Падвязала музыку, закінула праз тыкток за тры секунды, потым заматалася і наогул пра гэта забылася.

А пост хутка стаў рэзанансным. Калі б я бачыла, колькі каментароў пад ім, то, напэўна, выдаліла б. Карацей, праз пяць дзён раніцай, калі я стаяла ў піжаме і піла каву, па мяне прыйшлі мясцовыя рувэдэшнікі. Яны паказалі раздрукоўкі скрыноў з маім фота, спыталі, ці я, далі час сабрацца, і мы пайшлі.

Паводзілі яны сябе нармальна, можа быць, таму што плакала, адказвала на пытанні, але не хаміла. Таму калі хтосьці захоча напісаць, што я там герой, які адстойвае сваю палітычную пазіцыю, не, гэта не пра мяне.

Потым я трапіла на Акрэсціна, хоць, як мне здалося, у РУУС спрабавалі зрабіць так, каб мяне туды не везлі. Але зверху сказалі: "у выхаваўчых мэтах".

Вядома, не магу сказаць, што ў ізалятары ўсё было выдатна, але за сваё жыццё я некалькі разоў ляжала ў псіхіятрычных лякарнях, і ведаеце, там было горш. Ніхто мяне пальцам не крануў, ніхто не крычаў.

Са мною ў камеры была дзяўчынка. Першыя паўтара дня мы спалі на трох пярынах з кучай коўдраў. Пазней хтосьці вырашыў, што "палітычным" патрэбныя больш суровыя ўмовы. Пасля таго як я неяк стала адціскацца і прысядаць, перавялі ў камеру без пярын, коўдраў, з адкрытым халодным акном.

Перадачы перадалі без цёплых рэчаў. Мы накрываліся маім доўгім паліто, спалі, елі, часам плакалі. Пару дзён увесь час гарэла яркае святло, але нам было пофіг.

Дарэчы, часам заходзілі работнікі Акрэсціна і казалі, што ім самім хочацца абліцца слязьмі, калі на нас глядзяць.

Мяне выпусцілі праз тры дні: да таго часу я ўжо праходзіла як абвінавачваная за апаганенне помніка, і потым яшчэ дадалі "хуліганку" па крыміналцы.

Вельмі важны факт: я ўліпла ў гэтую гісторыю, таму што ў лістападзе 2020-га наогул адключылася ад усіх палітычных навін. Я не вельмі разумела, што мяне могуць пакараць за сацсеткі.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
Маша на волі / архіў

На снатворным і алкаголі. Уцёкі першыя

Вядома, стрэс быў: я разумела, што могуць даць да трох гадоў калоніі, і, калі выйшла, мяне калаціла. З самага першага дня ціснула следаку, маўляў, пакапайцеся ў архівах, ёсць праблемы са здароўем. Пасля смерці дзеда, калі мне было 15 гадоў, у мяне пачалася бяссонніца, а яшчэ — мінімальныя слыхавыя і візуальныя галюцынацыі. Бацькі паклалі мяне ў псіхіятрычную лякарню, у картцы быў запіс. Следчы казаў, што я нармальная, як і псіхіятр на экспертызе, на якой я сама настаяла.

Потым хтосьці мяне звёў з хлопцамі з нашай дыяспары ў адной з краін Еўрасаюза. На той момант у мяне ўжо апусціліся рукі і я не ведала, што рабіць. Яны казалі, што трэба ўцякаць, інакш пасадзяць. Адвакат казаў: "Не ўцякай, дадуць тэрмін па поўнай праграме".

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Усім прывітанне. Не, мяне пакуль не пасадзілі" / архіў

Але я ўсё-ткі адважылася. Сабрала маленькую валізку і па інструкцыі паехала ў іншы горад. Мне сказалі ні з кім не выходзіць на сувязь і чакаць. Я ведала, што ўцякаць небяспечна, і баялася, што схопяць памежнікі. На нервах пачала выпіваць, піць заспакаяльныя і снатворныя. Мне было вельмі дрэнна: я ўвесь час была адна.

Тут мне патэлефанаваў бацька. Кажа, маўляў, "моцныя і смелыя не ўцякаюць". Я кідаю ўсё і еду назад у Мінск. Пры гэтым за ўсе дні, пакуль я сядзела ў гэтым горадзе, мне наярваў адвакат. У мяне было тры няяўкі да следчага — гэта ўсё, турма. 

У сям'і былі розныя да гэтага размовы. Хтосьці казаў: уцякай, хтосьці жартаваў: запакуем у дыван і адправім у Маскву. Я была заблытаная максімальна.

Мне было крыўдна, што мама мяне сустрэла з Акрэсціна словамі: "Рыхтуйся да таго, што ты сядзеш", а не тое, што будзем ратаваць. Куча дарадцаў, куча дапамогі, за мяне ўвесь час спрабавалі нешта вырашыць. 

Навінкі

Кожны раз, калі мне тэлефанаваў адвакат, я казала, што я не ў парадку і да следчага не пайду. Тлумачыла, што баюся дроту, металу, турмы і наогул у мяне ледзь не шызафрэнія. У Мінску выклікала хуткую. Надзела піжамныя штаны, гарсэт, ярка нафарбавала твар.

Такой мяне прывезлі ў Навінкі. У прыёмным пакоі я дастала абраз, свечку, запаліла яе і пачала вадзіць вакол сябе. Нейкі хлопец у белым халаце спытаў, што здарылася. Я адказала, што ў мяне дзве крыміналкі і я асвятляю прастору. Спытаў, ці ёсць суіцыдальныя думкі. Сказала, што так.

Аказалася, што гэта мой лекар. Мяне хацелі везці ў суіцыдальнае аддзяленне, але ў выніку завезлі ў першаснае. Загадчыца папярэдзіла, што буду ляжаць месяц. Я кажу, што ў мяне будзе чацвёртая няяўка да следчага, але мяне не адпусцілі.

Нада мной пачалі ставіць эксперыменты, кармілі таблеткамі, ставілі новыя дыягназы. Урэшце я стала ўгаворваць маму мяне забраць. Гэта рэальна горш, чым Акрэсціна.

 

Паўторная судмедэкспертыза

Пасля выпіскі я ледзь не адразу кінула піць таблеткі. Гэта выклікала жудасны сіндром адмены, я стала вельмі актыўнай і ўзбуджанай.

За час, які я правяла ў лякарні, у мяне змяніўся следчы. Гэта была жанчына, і яна мне падабалася: расказвала, што зрабіць, каб пазбегнуць моцнага пакарання. На адной з нашых сустрэч яна абвясціла, што мне зноў трэба ехаць у Навінкі на паўторную судмедэкспертызу (вядома, сказаць, што я здаровая, ужо ніхто не мог).

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Ездзіла сёння на паўторную судмедэкспертызу" / архіў

Са мною ў аддзяленні ляжалі людзі, на якіх заведзены крымінальныя справы. На курылцы мужыкі абмяркоўвалі, хто колькі разоў жонку сякерай перасек, хто як каму вуха адгрыз, хто колькі гадоў у суме адседзеў.

Мне прызначылі конскую дозу чарговых прэпаратаў, пакінулі на два тыдні. Эксперт, праўда, класны трапіўся, насіў на руцэ белую і чырвоную гумкі. Разам з загадчыкам аддзялення думалі, як бы з "біпаляркай" мяне не адправілі ў аддзяленне, дзе давядзецца знаходзіцца хай і не тры гады, але ледзь не ў кайданах.

І раптам у мяне спрацавала псіхасаматыка — я стала чухацца. Лекары падумалі, што ў мяне кароста, і экстранна выпісалі. Тры належныя тыдні я не праляжала. У выніку аказалася, што гэта была або алергія, або крапіўніца.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"А віды ў мяне ўсё тыя самыя" / архіў

Тры тысячы долараў на Каляды. Уцёкі другія

У пачатку жніўня, каб зусім не чокнуцца, я пайшла на працу ў бар (да 25 сакавіка працавала ў івэнт-індустрыі). Разумеючы, што, калі дадуць хімію, давядзецца надоўга забыцца пра звычайнае жыццё, таму адрывалася як магла.

У канцы кастрычніка пачаліся суды. Я стала нервавацца, таму што бачыла, як нервуецца мой адвакат. У мяне адабралі тэлефон як прыладу злачынства і хацелі забраць сукенку, у якой была на фота, тыпу таксама прылада злачынства, але яна была добра схаваная.

На другім судзе пракурорка абвясціла, што ў мяне "хімія" з пасяленнем на два гады. Я была ў шоку. Адвакат казаў, што будзем змагацца, але было ясна, што бескарысна. Так і сталася. Дарэчы, дзякуй сябрам і праваабаронцам, якія дапамаглі мне расплаціцца з адвакатам.

Я даведалася, што мяне адпраўляюць у Гродна. Пагугліла і падумала: "Нішто сабе — курорт! У прынцыпе, можна паехаць — весці правільны лад жыцця, працаваць..."

 

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Пакуль пракурор патрабуе два гады з пасяленнем" / архіў
Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Прысуд набыў моц: два гады хіміі" / архіў

Ад'езд быў запланаваны на 8 студзеня. Сёмага мы з сябрамі святкавалі Каляды і я выклала ў інстаграм фота пашпарта і месца прызначэння "хіміі". Убачыўшы яго, адзін мой сябар стаў угаворваць, каб я спрабавала ўцячы.

Даведаўшыся, што ў мяне ў кішэні ўсяго 200 баксаў, даслаў нейкага знаёмага, які прывёз з сабой пяць тысяч долараў. У мяне выраслі крылцы, я зразумела, што трэба ўцякаць, гэтага хоча мой анёл-захавальнік. Узяла тры тысячы, разумеючы, што давядзецца вяртаць, і стала рыхтавацца да ад'езду.

Калі развітваліся, мама сказала, што я раблю памылку і лепш мне сесці, калі я не ўмею карыстацца сваёй свабодай. Я тады вельмі пакрыўдзілася: у нас добрыя адносіны, але маці ніколі не павінна гаварыць свайму дзіцяці такія словы.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Goog morning, Ukraine" / архіў

Слава Украіне!

Спачатку я прыехала жыць ва Украіну. Спынілася ў добрай знаёмай, якая тут жа прапанавала мне працу: здымаць у тыкток для прасоўвання аднаго брэнда. Яшчэ адна праца мяне знайшла сама. Прыходжу на сумоўе, і высвятляецца, што мая начальніца — Даша Галыгіна, былая жонка Вадзіма Галыгіна. Так атрымалася, што яна мяне і вывезла з Украіны ў першы дзень вайны. Уцякалі два дні. Прыехалі ў Польшчу.

Магчыма, калі б я была адна, было б страшна, а так — не. Мы былі разам.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Вырваліся з кіеўскіх затораў" / архіў
Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Мы здабылі кіпень!" / архіў

Негатыўная Польшча, або "Лепш у турму"

У Кіеве я здзейсніла, з аднаго боку, высакародны ўчынак, з другога — дурны: пазычыла 1400 долараў малазнаёмаму чалавеку. Ён не паспеў мне іх вярнуць. Калі прыехала ў Польшчу, у кішэні было 400 долараў, кватэру не здымеш. Мяне прытуліў прыяцель з Беларусі, але ў нас неяк адразу не задаліся зносіны. Гэта быў не той чалавек, якога я ведала ў Мінску, таму Варшава сустрэла негатывам.

Дзявацца не было куды. Я блукала па горадзе: мне было холадна, самотна і сумна. Здавалася, што Польшча — наогул не маё месца. З прыяцелем у выніку пасварыліся. Начавала па іншых знаёмых, і ў выніку "зляцеў дах" — я амаль перастала спаць.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Мы ў Польшчы" / архіў

І тут у мяне ўзнікла навязлівая ідэя, што мне трэба вяртацца ў турму, пры гэтым заехаўшы ў тэрытарыяльную абарону Кіева да сяброў. У мяне не было ніякай матывацыі вучыць мову і працаваць у Варшаве, а там я магла быць хоць чымсьці быць карысная.

Спачатку я напалохала валанцёраў на вакзале, калі шукала аўтобус, які давязе мяне да Кіева. Потым, усвядоміўшы, што мне не дапамогуць, прыехала да знаёмых у Люблін. Яны спужаліся маіх паводзін і выклікалі, чамусьці, паліцыю. Побач стаяла карэта хуткай дапамогі. У выніку мяне на ёй павезлі ў псіхушку.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Я ў псіхушцы. Карацей, нічога новага" / архіў

Польскія ненармальныя

Пагаварыла з лекарамі. Ну як паразмаўляла? Польскай не ведаю: санітары равуць, маўляў, ты ў Польшчы, таму "муў па-польску". Я практычна нічога не разумею, а мне кажуць, што разумею.

У Мінску лепш кормяць. У Польшчы вячэра была а шостай гадзіне вечара, а спаць клаліся каля 23:00. Неяк ноччу я не магла заснуць: суседка скрыгатала ў сне зубамі, а я была вельмі галодная. У беларускай псіхушцы, калі б я сказала санітарцы, што хачу есці, яна б прынесла мне сваю цукерку ці бутэрброд. Тут мяне проста звязалі. У мяне тонкія запясці, і я змагла выбрацца. Тады мне прынеслі нейкія лекі, і я заснула.

Ім было галоўнае, каб я не ўставала. Для мяне гэта быў шок. На наступны дзень я расказала пра гэта сваёй доктарцы, якая, на шчасце, ведае англійскую, тая дала ім прачуханку, і мяне больш ніхто не чапаў. Доктарка паслухала цалкам маю гісторыю, сказала, што расказваю лінейна — можа быць, таму хутчэй адпусцілі. 

У чым яшчэ адрозненні? У польскай псіхушцы добры кабінет малявання: ёсць палотны, альбомы, алоўкі. Працуюць прыемныя жанчыны.

Таксама дазволеныя тэлефоны, навушнікі і плэеры. Тыпу нічога нельга здымаць, але мой жа інстаграм яны не ведаюць. А мне было важна апісваць тое, што адбывалася, каб былі доказы, калі нешта здарыцца.

У Навінках раней тэлефоны былі дазволеныя, а потым, як мне расказалі медсёстры, Лукашэнка забараніў палітычным усе сродкі сувязі, таму што апазіцыянеры — усе хворыя.

З псіхушкі я выйшла ў красавіку. Села на цягнік, прыкінулася ўкраінкай і прыехала ў Варшаву. У мяне тут быў патэнцыйны працадаўца, які пераехаў у Польшчу даўно, але ён быў сведкам, як у мяне паехаў дах. Купіў таблеткі, даў грошы на першыя два дні жыцця ў хостэле. Там я пазнаёмілася з хлопчыкамі з Украіны, якія збіраліся ў Канаду. Плацілі за хостэл, кармілі мяне і паілі. Працу знайсці так і не ўдалося, таму і напісала ў фэйсбук пост пра дапамогу.

Арест, психушка, побег. История Маши, которая пришла к Вечному огню с БЧБ-флагом
"Доктарка нарэшце ўсвядоміла, што я не люты псіх" / архіў

Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да публікацыі, наша гераіня паляцела ў Батумі

Чаму Грузія? Тут шмат беларусаў, двое з іх — мае добрыя знаёмыя. У Польшчы таксама шмат нашых, але не было ні працы, ні жылля. Тут у сезон куча вакансій у рэстараннай сферы. Я хацела змяніць гнятлівую і бяздушную для мяне польскую атмасферу на нешта больш цёплае.

Пакуль жыву ў знаёмай і займаюся дакументамі. Не ведаю, што будзе са мной далей і ці змагу я жыць у Еўропе. Паляцела, каб адчуваць сябе бліжэй да дома. У самалёце пазнаёмілася з хлопцам з Ліды. У нас збілася беларуская кампанія. Мне тут лепей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі