Армянская апазіцыя: На якіх умовах Арменію возьмуць у ЕўрАзЭС, невядома

Даведка Еўрарадыё: Уладзімір Карапецян з 1994 па 1996 год — сакратар упраўлення СНД МЗС Арменіі, з 2001 па 2004 год — дарадца ў амбасадзе Арменіі ў Грузіі, з 2006 па 2008 — прэс-сакратар МЗС Арменіі. Цяпер —  кіраўнік упраўлення знешніх сувязяў “Армянскага нацыянальнага кангрэсу”, партыі, якую ўзначальвае былы прэзідэнт Арменіі Левон Тэр-Петрасян.

Еўрарадыё: 10 кастрычніка ў Арменіі шэраг палітычных структур плануе правесці акцыі пратэсту — з якой нагоды?

Уладзімір Карапецян: Наша патрабаванне — змена ўлады. Аб сваім удзеле ў акцыях пратэсту заявілі тры вядучыя апазіцыйныя партыі Арменіі. А ўсё таму, што мы не хочам змірацца з тымі паразамі, якія мы бачым, з парушэннямі ў галіне правоў чалавека, у галіне свабоды вядзення бізнесу і шмат якіх яшчэ базавых прынцыпаў. Наш рух выступіў з 12 прапановамі да ўрада, якія значна палепшылі б эканамічны стан у Арменіі. Але паколькі ўрад іх праігнараваў, то цяпер пытанне ставіцца больш жорстка — змена ўлады.

Еўрарадыё: Замежная палітыка, якую праводзіць прэзідэнт Арменіі, вас таксама не задавальняе?

Уладзімір Карапецян: Нас не задавальняе тое, як ён прымае рашэнні і як ён іх выконвае. Мы лічым, што Арменія шмат страціла ад таго рашэння, якое ён прыняў яшчэ 3 верасня 2013 года, калі фактычна падмануў аднаго партнёра і збег да іншага (размова ідзе пра адмову Сержа Саркісяна падпісваць Дамову аб асацыяцыі з ЕС і заяве аб намеры Арменіі далучыцца да ЕўрАзЭС — Еўрарадыё). Нават калі будучыня Арменіі ў больш шчыльным супрацоўніцтве з Еўразійскім эканамічным саюзам, то гэта мусіць быць супрацоўніцтва раўназначных краін, якія ўваходзяць у гэты саюз. А інтарэсы ўсіх краін павінныя выконвацца ў роўнай ступені, а не так, як пакуль сітуацыя складаецца вакол перамоўнага працэсу з гэтым Еўразійскім саюзам. Тое ж тычыцца і перамоў наконт асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Мы ўжо бачым, што ЕС пагадзіўся з тым, каб трэцяя краіна — Расія — таксама выказвала свае меркаванні адносна дакумента, які тычыцца двух бакоў. У дадзеным выпадку я кажу пра Украіну і ЕС. Наш лідар (лідар Армянскага нацыянальнага кангрэсу Левон Тэр-Петрасян — Еўрарадыё) казаў пра неабходнасць гэтага яшчэ год таму і сцвярджаў: мы б з самага пачатку, распачаўшы перамовы з ЕС, давялі б да ведама ўсіх нашых партнёраў, як ідуць гэтыя перамовы і не вялі б іх таемна, як гэта робіць Серж Саркісян. І тады б Арменія не трапіла ў такую складаную сітуацыю, у якой яна цяпер.

Еўрарадыё: Гэта азначае, што для вас сяброўства з Расіяй…

Уладзімір Карапецян: …з’яўляецца галоўным прыярытэтам. Наш лідар падчас свайго прэзідэнцтва (Левон Тэр-Петрасян быў прэзідэнтам Арменіі з 1991 па 1998 год — Еўрарадыё) стварыў базы для добрых адносінаў, і Дамова паміж Расіяй і Арменіяй была падпісаная ў 1997 годзе. Гэтае сяброўства не падлягае сумневу, і яно будзе працягвацца.

Еўрарадыё: Дзейны прэзідэнт адмовіўся ад асацыяцыі з ЕС дзеля сяброўства з Расіяй, і для вашага лідара гэтае сяброўства — прыярытэт. У выпадку вашай перамогі што будзе мець Арменія: замену аднаго прарасійскага прэзідэнта на іншага, не менш прарасійскага?

Уладзімір Карапецян: Гэта даволі частая формула, якую выкарыстоўваюць журналісты, але я не буду яе закладнікам. Мы будзем рабіць усё, што ў нашых інтарэсах. Ніхто не кажа, што мы ўскладнім адносіны з ЕС. Наадварот, мы хочам стварыць нармальную базу ўзаемаадносінаў, дзе самае галоўнае — давер паміж бакамі. Чаго няма цяпер паміж Сержам Саркісянам і Еўрасаюзам. Таму я б устрымаўся ад такіх фармулёвак: прарасійскі, празаходні… Арменія не ў той сітуацыі, калі любы яе кіраўнік можна сабе дазволіць рабіць такія заявы. Адносіны з Расіяй будуць прыярытэтам, але адносіны з іншымі краінамі, з нашай суседкай Грузіяй, з Еўрасаюзам, з арганізацыяй, сябрам якой мы з’яўляемся — Саветам Еўропы, таксама будуць прыярытэтам.

Еўрарадыё: Верагодна, што 10 кастрычніка Арменія далучыцца да ЕўрАзЭС. А ці гатовая ваша краіна ўжо цяпер да такога далучэння?

Уладзімір Карапецян: Часта так бывае, што малыя краіны выйграюць ад уваходжання ў такія эканамічныя саюзы. Па патрабаванні Казахстана ўсе палітычныя часткі былі выдаленыя, і цяпер гэта выключна эканамічны саюз. Не думаю, што выкананне артыкулаў гэтай дамовы, калі Арменія стане часткай саюза, пойдзе насуперак інтарэсам Арменіі. Тым не менш я лічу, што Арменія не гатовая да ўваходжання ў гэты саюз. Асабліва з той уладай, якую мы маем, якая праваліла ўсе свае ініцыятывы, якая непразрыстыя перамовы вяла з прадстаўнікамі Еўразійскага саюза і насельніцтва не інфармавала пра ўсе дамоўленасці, якіх яны дасягнулі. З гэтага пункту гледжання мы лічым, што Арменія не падрыхтаваная да такога ўваходжання — яно зрабіла шмат памылак, і мы лічым, што не гэты ўрад павінен прымаць такія сур’ёзныя палітычна-эканамічныя рашэнні. Тут жа размова ідзе пра тарыфы, пра мытныя выключэнні шэрагу тавараў. Гэта, можа, не вельмі цікава з пункту гледжання палітыкі, але важна з пункту гледжання развіцця эканомікі. А мы не ведаем, як наш урад абараняў інтарэсы краіны і ці не трапім мы пасля падпісання гэтай дамовы ў эканамічны крызіс, ці не будзе яшчэ больш складанасцяў для эканомікі Арменіі створана. У гэтым выклік — народ Арменіі не праінфармаваны пра нюансы перамоў аб уваходжанні ў гэты эканамічны саюз.

Еўрарадыё: Жаданне Арменіі далучыцца да ЕўрАзЭС выклікала “тэрытарыяльныя спрэчкі”: у якіх межах яна будзе ў гэты саюз уваходзіць — з Карабахам ці без, бо яго не прызнаюць часткай Арменіі. Гэта вас не напружвае?

Уладзімір Карапецян: Арменія з’яўляецца сябрам Савета Еўропы і шэрага іншых міжнародных арганізацый. І ніводная з іх не ставіла пытанне так, як яно было пастаўленае падчас таго саміта ЕўрАзЭС у Астане. Мы думаем, што гэта сведчанне таго, як кіраўнікі гэтых трох краін на самай справе ставяцца да Сержа Саркісяна. І ў гэтым заключаецца наша імкненне да змены ўлады — мы не верым, што ён можа станоўчыя вынікі забяспечыць для нашай краіны. Мы думаем, што гэтае пытанне штучна ўзнятае і што Арменія павінная нейкім асаблівым чынам падпісваць дамову аб уваходжанні ў ЕўрАзЭС. Як не ставілі рубам гэтае пытанне іншыя міжнародныя арганізацыі, так і, я ўпэўнены, яно не будзе пастаўленае і гэтай арганізацыяй.

Еўрарадыё: Лідар партыі “Квітнеючая Арменія” Гагік Царукян, якая ўваходзіць у вашу кааліцыю, лічыцца вялікім сябрам Аляксандра Лукашэнкі. А якое ў вашай партыі стаўленне да беларускага лідара?

Уладзімір Карапецян: Мы таксама будзем, калі прыйдзем да ўлады, сябрамі Лукашэнкі. І не толькі яго — мы будзем сябрам усіх краін, з якімі ў нас склаліся добрыя адносіны.

Еўрарадыё: Але ж апазіцыя па вызначэнні павінная негатыўна ставіцца да аўтарытарных кіраўнікоў.

Уладзімір Карапецян: Мы паважаем волю народаў тых краін, якія прымаюць тыя ці іншыя рашэнні адносна свайго кіраўніцтва. У нас ёсць інфармацыя пра тое, што адбываецца ў той ці іншай краіне, у нас ёсць дакладнае ўяўленне пра тое ці іншае кіраўніцтва: мы бачылі, як у Мінск прыехалі тры высокапастаўленыя кіраўнікі Еўрасаюза і якую ролю адыграў кіраўнік Беларусі ў тым, што цяпер не страляюць ва Украіне. Мы ўпэўненыя, што адказнасць за змены ў краіне нясе народ. Наша барацьба, нашы замежнапалітычныя крокі прасякнутыя той філасофіяй, што толькі ўнутранымі рэсурсамі можна ўплываць на змены ў краіне. Мы лічым, што кожны народ, кожная дзяржава па-свойму можа прымаць рашэнне наконт таго, што адбываецца ў іх краіне.

Еўрарадыё: Як паказвае вопыт Украіны, змена ўлады з дапамогай вуліцы — вельмі небяспечная рэч. Тым больш што ў вас ёсць “карабахскі канфлікт” і што ёсць краіна, якая можа скарыстацца міжуладдзем у Арменіі. Ці не прасцей дачакацца выбараў і з дапамогай іх дамагчыся змены ўлады?

Уладзімір Карапецян: Прычынай для аб’яднання апазіцыі і такіх радыкальных крокаў стала ініцыяцыя прэзідэнтам канстытуцыйнай рэформы. Мы лічым, што такім чынам ён хоча ўвогуле ліквідаваць прэзідэнцкія выбары і пакінуць толькі парламенцкія выбары, зрабіць парламенцкую рэспубліку — каб мінімізаваць пагрозы пераабрання сваёй партыі. Калі мы паглядзелі канцэпцыю новай Канстытуцыі, то ўбачылі — яна зробленая так, каб Серж Саркісян  яго партыя захавалі ўладу на доўгія гады. А тое, што 15 кастрычніка канстытуцыйная камісія плануе прадставіць прэзідэнту праект новай Канстытуцыі, стала прычынай актывізацыі нашай барацьбы.

Еўрарадыё: Вы казалі, што дзейны прэзідэнт мае правалы па шмат якіх кірунках. А беларускі кірунак таксама правалены?

Уладзімір Карапецян: Безумоўна! Найперш, зусім іншы чалавек павінен быў бы прадстаўляць нашу краіну ў Беларусі. Гэта павінен быць чалавек больш вопытны і з большай палітычнай вагой. У адказны момант уваходжання Арменіі ў ЕўрАзЭС перамовы з прадстаўнікамі ўладных структур Беларусі павінныя былі быць на самым актыўным узроўні — каб усе перашкоды і цяжкасці, якія ўзніклі, расчысціць і падрыхтаваць лаяльнае стаўленне Беларусі да нашых ініцыятыў. Думаю, Арменія недастаткова добра і актыўна працавала з Беларуссю, і гэтая памылка выявілася падчас перамоў наконт уваходжання Арменіі ў ЕўрАзЭС. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі