Арлоў не распачынае кніжку, калі не піша ручка

А Зелянкоўская размаўляе з вязальнымі пруткамі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што робяць творчыя людзі, каб праца ішла спарней. Напрыклад, Уладзімір Арлоў распавёў пра свайго маўклівага дарадцу – пярсцёнак с хрызапрасам, што зрабіў ювелір Мікола Кузьміч, рэстаўратар крыжа Еўфрасінні Полацкай. Зялёны каменьчык, паводле словаў літаратара, мяняе колер некалькі разоў на дзень і такім чынам перасцерагае ад небяспекі ці, наадварот, падказвае ўзяцца за пяро. Таксама даюць пісьменніку парады ручкі.

Арлоў: Возьмеш у рукі асадку, а яна не піша, ці натужыцца, піша занадта тлуста ці шкрабе - гэта для мяне таксама з’яўляецца прыкметай таго, што не варта пачынаць працу.

Таксама спадар Арлоў прыгадвае досвед славутага беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча.

Арлоў: Ён прымаў ванну, апранаў бялюткую кашулю і абавязкова пісаў вельмі добрай аўтаручкай.

Для сябе ж цягам літаратурнай працы заўважыў таксама адну цікавую прыкмету-заканамернасць.

Арлоў: Калі лёс кніжкі спярша складваецца складана, яе, напрыклад, арыштоўваюць, як “Адкуль наш род?”, то пасля доля яе будзе шчаслівай.

У акцёрскім асяродку забабонаў і прыкметаў вельмі шмат. Пра іх Еўрарадыё распавяла артыстка Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская:

Зелянкоўская: У тэатры нельга вязаць, есці семкі. Некаторыя артысткі, каб увайсці ў ролю, да кожнай ролі карыстаюцца асобнай парфумай.

Таксама "купалаўская" традыцыя на першай у сезоне “Паўлінцы” – візітоўцы тэатра: усе акцёры-мужчыны клеюць сабе вусы.

Зелянкоўская: А на апошнім спектаклі ў сезоне, калі ўсе артысты выходзяць на паклон, мы хорам кажам: “Усё!”

Хаця сама Святлана не вельмі прымхлівая, але на пастаноўцы “Лэдзі Макбет”, каб усё атрымлівалася, заўсёды напярэдадні размаўляе з вязальнымі пруткамі. Прыгадваючы свае працы ў кіно, яна распавяла Еўрарадыё, што пасля першага дубля фільма талерка з імёнамі ўсіх удзельнікаў фільма разбіваецца аб камеру. Здымачная група выпівае шампанскае і расцягвае на памяць парцалянавыя аскепкі.

Мастак Алесь Марачкін перад пачаткам свайго працоўнага дня заўсёды прыгадвае сны і спрабуе іх вытлумачыць:

Марачкін: Калі, напрыклад, я бачу ў сне маці, якой у мяне ўжо няма, гэта значыць, што здарыцца нешта благое. Яшчэ ёсць прыкмета: калі пасля доўгай вандроўкі за мяжу першай я сустрэну знаёмую жанчыну, гэта для мяне таксама прадвеснік нядобрага.

Спадар Марачкін таксама раіць усіх слухачам Еўрарадыё ніколі за кілішкам не распачынаць размову са злым чалавекам.

Музыка Зміцер Вайцюшкевіч спецыяльна перад канцэртамі нічога рытуальнага не робіць, нават не мае талісманаў, затое верыць ў духа багацця.

Вайцюшкевіч: Ведаю, што не варта голасна хваліцца і казаць, як усё добра. У такіх выпадках я звычайна пачынаю губляць грошы.

Яшчэ выканаўца ніколі не піша ў нататніку містычную лічбу “13”. Замяняе, напрыклад, на 12+1.

А лідэр гурта “Троіца” Іван Кірчук пра свае творчыя забабоны, у тым ліку народныя, нават напісаў кніжку, якая з’явіцца ў лютым да юбілею музыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі